Журналіста судзілі без яго ведама, іншую карэспандэнтку запрасілі на суд за некалькі гадзін да працэсу


Незалежных журналістаў з Гомля Наталлю Крывашэй і Канстанціна Жукоўскага суд Буда-Кашалёўскага раёну пакараў за іх працу штрафам па Br 3,6 млн кожнага. Пра выракі журналісты даведаліся, самі пазваніўшы ў суд.

Сёння, 5 чэрвеня, на нумар тэлефона Наталлі Крывашэй а 12:39 патэлефанавала незнаёмка, прадставіўшыся сакратаркаю суда Буда-Кашалёўскага раёну Інай Сядотай, і папярэдзіла, што а 15:00 адбудзецца судовае паседжанне, на якім карэспандэнтку будуць судзіць па ч. 2 арт. 22.9 Кодэксу адміністрацыйных парушэнняў («незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі»).

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Журналістка адказала, што не здолее даехаць за 2 гадзіны з Гомля да Буда-Кашалёва. «А калі б вы наагул за 15 хвілінаў да суда паведамілі, што мне трэба было б рабіць?», – заўважыла спадарыня Крывашэй. Судовая сакратарка сказала, што яна журналістку папярэдзіла, а рэшта – гэта не праблемы суда. Пазваніўшы вечарам у суд Буда-Кашалёўскага раёну, жыхарка Гомля даведалася, што яе пакаралі штрафам памерам Br 3,6 млн.

Гомельская журналістка згадала, што пару тыдняў таму ёй званілі міліцыянты з Буда-Кашалёва і запрашалі на размову. Паколькі не было афіцыйнай позвы, а з Гомля да Буда-Кашалёва досыць далёка, карэспандэнтка пастанавіла заашчадзіць час і не ехаць.

У Буда-Кашалёве сёння судзілі таксама журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага. Пра суд і пакаранне памерам Br 3,6 млн нібыта за «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі» гамяльчук даведаўся, таксама сам патэлефанаваўшы ў Буда-Кашалёва. «Пра магчымы працэс я даведаўся ад Наталлі Крывашэй. А калі пазваніў, дык не памыліўся – мяне судзілі без майго ведама. Я папрасіў, каб мне выслалі дакументы з прозвішчамі тых, хто мяне судзіў. Пазней гэта можа спатрэбіцца пры будучай люстрацыі», – заўважыў спадар Жукоўскі.

Каля 2 тыдняў таму журналісту пазванілі міліцыянты з Буда-Кашалёва і сказалі, што складаюць пратакол на яго. Гомельскі фрылансер, аднак, не бачыў гэтага дакументу і нічога не падпісваў.

Кастусь Жукоўскі і Наталля Крывашэй мяркуюць, што іх судзілі за матэрыял пра тое, як улады Буда-Кашалёўскага раёну разбурылі дамы людзей, якія нейкі час не жылі ў сваёй вёсцы.

Нядаўна гомельская міліцыя прыслала журналістам іншыя пратаколы, дзе іх абвіначвалі ў «незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі». Падставай паслужыў відэаматэрыял пра гомельскую выкладчыцу, якая скончыла жыццё самагубствам. Спадар Жукоўскі адзначыў, што суд па гэтай справе мае адбыцца 9-га чэрвеня.

Для Наталлі Крывашэй гэта будзе сёлета 3-яя справа, па якой яе абвінавачваюць «у незаконным вырабе сродкаў масавай інфармацыі». Для Кастуся Жукоўскага гэта будзе 6-ты суд з пачатку года. «Калі б пакаралі раз ці два – тады можна было б казаць пра выпадковасць, але калі караюць 6-7 разоў, то гэта – сістэматычны пераслед. Гэта проста тэатр», – заўважыў незалежны журналіст.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў