Суд Цэнтральнага раёну Гомля пакараў незалежнага журналіста Канстанціна Жукоўскага Br 5,4 млн. Суддзя Марына Осіпава палічыла фрылансера вінаватым у «вырабе і распаўсюдзе прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі».
Падставай для суда стала тое, што відэаматэрыялы спадара Жукоўскага з’яўляліся ў эфіры тэлеканалу «Белсат». Журналіст падкрэслівае, што частка 2 артыкулу 22.9 Кодэксу адміністратыўных правапарушэнняў, паводле якой яго судзілі, мусяць выкарыстоўвацца да юрыдычных суб’ектаў, а не прыватных асоб.
«Мяне судзілі, што я вырабіў і распаўсюдзіў інфармацыю. Але як я мог яе распаўсюджваць? Седзячы ў Гомлі, пускаў на спадарожнік? Так, я здымаю відэа і прапаноўваю яго розным агенцтвам. А куды яно трапіць – мяне ўжо не цікавіць. Вырак наагул нелагічны. Глядзіце: чалавек здабывае руду, з якой робяць метал. Пазней з металу робяць касмічны апарат. Ён ляціць у космас і ўзрываецца. Дык што – будуць караць таго, хто здабываў руду? Мае фатаграфіі публікавалі і ў «Советской Белорусии», але ж за гэта мяне не судзілі», – падкрэсліў спадар Жукоўскі.
Фрылансер падкрэсліў у судзе, што лічыць за гонар, што ягоныя матэрыялы трапляюць на «Белсат».
Паводле яго, працэс быў перадузяты. З самага пачатку было відавочна, што суддзя мае яго пакараць.
«Улады жывуць не паводле закону, а па крымінальных панятках. Я зняў матэрыял пра прычыны самагубства выкладчыцы ў Гомлі. Фактычна ўлады давялі жанчыну да таго, што яна павесілася. Цяпер жа за гэта яны пераследуюць мяне, не маючы ні сумлення, ні сораму», – заўважыў незалежны журналіст.
Адной з магчымых прычынаў пераследу карэспандэнт называе сваю грамадскую пазіцыю.
«Я не цураюся пісаць скаргі, бо ў нас мясцовыя чыноўнікі вырабляюць невядома што. Напрыклад, у нашым квартале дамкі трапілі пад знос. Чыноўнікі абяцаюць адно, робяць жа зусім іншае. Яны парушаюць супрацьпажарныя, санітарныя і будаўнічыя нормы. А на паперах – усё зусім інакш. Цяпер найвышэйшыя ўлады пускаюць Еўразвязу пыл у вочы, што ў нас нармалізуюцца парадкі, але насамрэч усё па-ранейшаму – прававы бязлад і бязмежжа, кіраўнікі чуюцца царкамі, якім усё дазволена. Атрымліваецца, што яны – асноўныя «казачкі Расейскай імперыі», бо адцягваюць нас ад зменаў, робяць усё, каб у нас было гэтак, як у Расеі», – заўважыў спадар Жукоўскі.
З пачатку года гэта быў ужо 6 суд над фрылансерам – 5 разоў яго судзілі «за распаўсюд сродкаў масавай інфармацыі» і адзін раз «за ўдзел у пікеце», які арганізаваў у Светлагорску інвалід-вазочнік Юрый Ляшэнка (журналіст асвятляў гэтую падзею). Паводле судовых пастановаў гамяльчук мусіць заплаціць больш як Br 25 млн.
Журналіст падкрэслівае, што абскарджвае выракі на ўсіх мажлівых узроўнях, а таксама накіраваў ужо скаргу на несправядлівы прысуд паводле Светлагорскай справы ў Арганізацыю Аб’яднаных Нацый.
Агульная сума штрафаў беларускім журналістам за працу без акрэдытацыі ад пачатку 2015 году разам з сённяшнім штрафам Кастусю Жукоўскаму амаль дасягнула 100 млн., за супрацу з Белсатам – больш за 60 млн.
Максім Ярашэвіч, belsat.eu