«Замыкацца ў сваіх межах – гэта Паўночная Карэя»

video

https://www.youtube.com/watch?v=-t_RZFBTazU

Міністр Беларусі жадае весці паўнавартасны дыялог з заходнімі дэмакратычнымі краінамі. Але размова на роўных падразумявае выкананне ўсімі краінамі сваіх абавязкаў, у тым ліку, абавязкаў перад уласнымі грамадзянамі. Пытанне – ці правільна разумеюць абавязкі – улады Беларусі?

Звычайна дыялог з Захадам падразумявае адсутнасць палітычных рэпрэсіяў, свабоду сходаў, незалежныя медыі. Аднак на тле крызісу бліжэйшага эканамічнага партнёра – Расеі – афіцыйны Менск найперш хвалююць пытанні гаспадарчыя, у тым ліку, зняцце санкцыяў у дачыненні да некаторых беларускіх чыноўнікаў.

«Ён падымае стаўкі напярэдадні далейшых размоваў з ЕЗ, мы бачым што кантэкст змяніўся, што ўладам сёння выгадна супрацоўнічаць з ЕЗ, улады ўсё роўна абмяжоўваюць уплыў ЕС на беларускае грамадства, таму такія заявы будуць ісці», – зазначае палітолаг Алесь Лагвінец.

Палітолаг назваў выказванні Макея «заяваю для ўнутранага карыстання», а не зваротам да еўрапейскай супольнасці. Што да насельніцтва: згодна апошнім апытанням НІСЭПД, інтэграцыю з Еўразвязам цяпер падтрымлівае не болей 20-ці адсоткаў жыхароў Беларусі.

«У Еўра? А што яны нам там дадуць? Яны голыя-босыя, і ўсё бяруць ад нас», – мяркуе мужчына.

«Надта глыбокія сувязі з савецкім саюзам, карані надта глыбока выраслі. А другое, чаму трэба…Увесь свет у інтэграцыі, замыкацца ў сваіх межах – гэта Паўночная Карэя», – распавядае жыхар Менску.

«Здаецца, не гатовыя мы. У нас у прынцыпе нічога няма – ні прамысловасці, ні эканомікі. Мы вельмі адсталая краіна, калі глядзець», – падсумоўвае мінак.

Ды і Еўразвяз ацэньвае сітуацыю ў Беларусі – не праз ружовыя акуляры. Дзеянні ўладаў у дачыненні да сваіх грамадзянаў, да незалежных журналістаў тут – далёкія ад дэмакратычных стандартаў. Таму адказнасць за напружанасць у стасунках з ЕЗ – цалкам на сумленні Лукашэнкі.

«Беларусь не мела дамовы з прычыны непавагі канстытуцыйных правоў уласных грамадзянаў, Беларусь не захацела падпісаць дамову аб вольным гандлі з ЕЗ, Беларусь усё яшчэ не захацела падпісаць дамову аб спрошчаным візавым рэжыме», – дадае Алесь Лагвінец.

Да таго ж, у краіне з прыходам да ўлады Лукашэнкі не адбылося ніводных дэмакратычных і празрыстых прэзідэнцкіх выбараў. Не ўпісваюцца ў межы еўрапейскай дзяржавы ХХІ стагоддзя і знакамітыя Указы Лукашэнкі пра дармаедаў і прадпрымальнікаў.

І хоць Менск пад ціскам еўрасупольнасці выпусціў палітвязняў, а Еўразвяз зняў большасць санкцыяў, далейшыя стасункі з дэмакратычнымі краінамі пад пытаннем. Бо Еўразвяз не можа адмовіцца ад прынцыпаў верхавенства правоў чалавека, а Лукашэнка ўсе законы разумее па-свойму.

Таццяна Уласенка, Белсат.

Глядзі таксама
Каментары