За колькі «Facebook» купіў «MSQRD»?


 

Забаўная праграма «MSQRD», якая дазваляе змяняць уласнае аблічча ў рэальным часе, зʼявілася ўсяго тры месяцы таму і выклікала сапраўдны фурор спачатку сярод уладальнікаў айфонаў, для якіх была распрацаваная, а затым і ў астатніх аматараў тэхнічных навінак і забавак. Ужо ў першы месяц колькасць спампоўванняў дадатку дасягнула мільёна, а пасля зʼяўлення маскі актора ДыКапрыё са статуэткай «Оскара» незадоўга да абвяшчэння прэміі пераваліла за 10 мільёнаў, ачоліўшы топы мабільных дадаткаў у дзясятках краінаў.

«Сяджу сабе, працую, – і вось зрабіў сабе строй Жалезнага Чалавека – пры дапамозе «MSQRD», папросту наклаўшы ў рэальным часе на відэа маску. Акурат сёння каманда, якая распрацоўвала гэтую праграму, далучаецца да «Facebook». Я сардэчна вітаю вас, хлопцы! І вяртаюся да свайго праграмавання!», – прамаўляе Марк Цукербэрг, заснавальнік «Facebook».

Далучэнне «MSQRD» да «Facebook» з яго больш як паўтарамільярднай аўдыторыяй дарагога вартае – для абодвух бакоў. Сума ўгоды застаецца ў таямніцы, аднак пра яе маштабы сведчаць хаця б нядаўнія чуткі пра набыццё праграмы фірмай «Apple» нібыта за $ 117 млн. Фантастычны поспех «MSQRD» для нас яшчэ мілейшы і зз прычыны яго беларускага паходжання.

«Свет глабальны. І, адпаведна, у ім дастаткова шмат розных нішаў. І дзякуючы інфармацыйна-камунікацыйным тэхналогіям, людзі, фізічна застаючыся тут, могуць быць запатрабаваныя ўва ўсім свеце», – зазначае Міхаіл Дарашэвіч, інтэрнэт-даследнік.

Цяпер жа «MSQRD» абяцае новыя маскі ды распрацоўванне версіі і для тэлефонаў з сістэмай «Android». Дарэчы, праслаўляюць нашую краіну на ўвесь свет і іншыя IT-вынаходкі: гэта і «забойца «Skype» – «Viber», і мабільны падарожнік «Maps.me», і найбольш масавая онлайн-гульня «World of Tanks», стваральнік якой Віктар Кіслы нядаўна трапіў у спіс мільярдэраў паводле агенцтва «Bloomberg».

«Вельмі добрая адукацыя! Беларусь заўжды славілася сваім узроўнем падрыхтоўкі праграмістаў, увогуле спецыялістаў у галіне матэматыкі, праграмавання і.г.д», – дадае Міхаіл Дарашэвіч.

Цікава, што набыццё «MSQRD» супала і з навіною пра афіцыйны пераклад «World of Tanks» на беларускую мову. Але патрыятызм патрыятызмам, але тая ж кампанія Wargaming.net зарэгістраваная не ў нашай краіне, а на Кіпры. Неўзабаве ў лонданскі офіс «Facebook» перабіраецца і «MSQRD».



Выкарыстоўваць дадатак можна не толькі для забаўных сэлфі, але, да прыкладу, і для свайго шыфравання – згадваючы стаўленне ўладаў Беларусі да ўсяго непадкантрольнага, у тым ліку да інтэрнэту, – хаця б на прыкладзе вядомага айчыннага IT-бізнэсоўца Віктара Пракапені, які страціў маёмасць, адседзеў 10 месяцаў у турме ды яшчэ і выплаціў $ 650 тыс. штрафу нібыта за нясплату падаткаў. Такая яна, не віртуальная беларуская рэчаіснасць.

Валер Руселік, «Белсат»

Стужка навінаў