Юрый Хашчавацкі: Я дзіўлюся маладым, якіх гоняць галасаваць: што ж ты ідзеш і псуеш сваё жыццё

video

Юрый Хашчавацкі: Я дзіўлюся маладым, якіх гоняць галасаваць: што ж ты ідзеш і псуеш сваё жыццё

Беларускі рэжысёр Юрый Хашчавацкі патлумачыў, чаму не галасуе падчас сёлетніх прэзідэнцкіх выбараў.

«Чаму я не пайшоў галасаваць? На гэта ёсць некалькі прычынаў. З іх галоўная – мне хутка ўжо 68 і я ведаю, што нельга сядаць гуляць за стол з махлярамі. Усё тое, што цяпер адбываецца, – гэта фальсіфікацыі, гульня з картаю ў рукаве, бо відавочна, што фальсіфікацыі адбываюцца і на яўцы, і на падліку галасоў. Фальсіфікацыі ёсць на ўсіх франтах», – адзначыў рэжысёр.

Іншая прычына не галасаваць, паводле спадара Хашчавацкага, – гэта знішчэнне Аляксандрам Лукашэнкам беларускай дзяржаўнасці. «Ён пачаў знішчаць яе, практычна адразу пасля свайго прыходу да ўлады: ліквідавана свабодная прэса, знішчаны парламент, абсалютна разбэшчаныя сілавыя структуры, абсалютна знішчаны суд. У Беларусі не працуе ніводзін з гэтых механізмаў», – заўважыў дакументаліст.

Трэцяя прычына, паводле якой Юрый Хашчавацкі не пайшоў на выбарчы ўчастак, – гэта катастрофа ў эканоміцы, якая не ёсць вынікам сусветнага крызісу, а з’яўляецца рэзультатам абсалютнага невуцтва кіраўніцтва краіны.

«Усе нашыя заводы, які ён (Аляксандр Лукашэнка – рэд.), паводле легенды, выратаваў, ператварыліся ў макулатуру, у металалом, якія фарбуюць на ягоны прыезд. Не існуе інавацыйнага падыходу, бо гэтыя ўлады не цэняць мазгоў чалавека. Яны не разумеюць, што такое інавацыя. Яны не разумеюць, у якім стагоддзі яны жывуць», – мяркуе рэжысёр.

Глядзіце яшчэ >>> 36 % выбарнікаў прагаласавалі датэрмінова. ЦВК тлумачыць, як дасягнулі «рэкорду»

На ягоную думку, цяперашнія ўлады Беларусі – гэта драма для нашай краіны, бо ўлады плодзяць сабе падобных, а грамадства Беларусі ў выніку дэградуе ў плане адукаванасці, прафесіяналізму і гэтак далей. «Гэтыя ўлады рабілі ўсё дзеля таго, каб людскі матэрыял у Беларусі станавіўся ўсё горшы ды горшы. А якія ў нас былі магчымасці… Але гэтыя магчымасці мы не выкарысталі. Вінаватыя ў гэтым сённяшнія ўлады і канкрэтна Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Таму я за яго не пайшоў галасаваць і ніколі не пайду», – сказаў спадар Хашчавацкі.

У Беларусі ўсё знішчана і вытаптана, а самае галоўнае, што вытаптаныя людскія душы, выказаўся рэжысёр.

«Я дзіўлюся маладым, якіх гоняць галасаваць датэрмінова, і яны ідуць. А што ж ты ідзеш? Гэта ж ты будзеш жыць. Гэта ж тваё жыццё будзе далей. Што ж тыя яго псуеш? Што ж ты псуеш самога сябе, сваю будучыню? Гэта здзіўляе», – падкрэсліў дакументаліст.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары