Якая Плошча? Мы даем прэс-канферэнцыю 12-га


Што рабіць у дзень галасавання? «Мы дамо прэс-канферэнцыю ў панядзелак, 12-га кастрычніка» – такі адказ атрымалі сотні людзей ад лідараў апазіцыі. Пытанне пра Плошчу вітала ў паветры падчас усяго сённяшняга шэсця, але палітыкі гэтую тэму абмінулі наагул.

Упершыню за апошнія пятнаццаць год ніводзін дэмакратычны палітык не заклікае выходзіць і пратэставаць супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Напрыканцы верасня Мікалай Статкевіч абвесціў пра акцыю за дзень да асноўнага дня галасавання, некалькі дзён таму было вырашана правесці яе ў фармаце шэсця, ад плошчы Свабоды да плошчы Якуба Коласа.

Першае шэсце апазіцыі ў цэнтры Менска за пяць год

А 17-й гадзіне каля гарадской ратушы сабраліся некалькі соцень чалавек, з іх было шмат журналістаў і некалькі дзясяткаў супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным. Уладзімір Някляеў, Мікалай Статкевіч і Анатоль Лябедзька падзякавалі прысутным і калона рушыла. Ужо ў раёне Кастрычніцкай плошчы колькасць удзельнікаў шэсця дасягнула 1-1.5 тысячы чалавек. Такога не было ў сталіцы пяць год.

Машыны не сігналілі дэманстрантам так актыўна, як гэта бывае нават не Дзень Волі. Неяк патлумачыць гэта цяжка. У шматлікіх мінакоў былі проста здзіўленыя твары, не ўсё здагадаліся, што акцыя звязана з выбарамі.

Каля цырка шэсце спынілася. Аказваецца, наперадзе загарэлася чырвонае святло. Гэта мала каго здзівіла, але мая спадарожніца, журналіст са Швецыі гэтаму моцна здзівілася – паліцыя не спыніла рух каб людзі змаглі прайсці. Пасля яна здзіўлялася таму, што дэманстранты не абышлі вузкі мост пра Свіслач па дарозе і таму, што шэсце скіравалі ў падземны пераход на плошчы Перамогі. Дарэчы, адзін з удзельнікаў абурыўся таму, што нельга выйсці на праезджую частку – «нават не спрабуй, там даішнікі» – супакойваў яго натоўп.

«Жыве Беларусь», «Уходи» і песня Ляпісаў пра ваяроў святла – у плане лозунгаў шэсце не сталася чымсьці адметным. Былі плакаты пра байкот, а маладафронтаўцы надрукавалі расцяжкі з цытатамі Святланы Алексіевіч. Самой нобэлеўскай лаўрэаткі сярод удзельнікаў, дарэчы, заўважана не было – магчыма, яна б прыцягнула больш увагі, чым палітычныя лідары. Хоць ад іх сёння чакалі словаў. Паколькі на прыступках Ратушы нічога пра Плошчу не сказалі, гэта ад апазіцыянераў гэтага хацелі пачуць каля помніка Якубу Коласу. Калі высветлілася, што акцыі пройдзе за дзень да выбараў, шматлікія і думалі, што гэтага для таго, каб абвесціць пра план на асноўны дзень.

Далёкая дарога

«Выбараў няма, але выбар ёсць» – пачаў Анатоль Лябедзька. Ён пачынаў з гэтага і выступ на плошчы Свабоды гадзіну таму, ён так жа пачынае і амаль кожны свой пост у Facebook апошнія тыдні. Гаворачы пра выбар, ён паведаміў прысутным пра тое, што яны яго зрабілі і прыйшлі сёння сюды.

Прыкладна так жа казалі і іншыя выступоўцы. Някляеў гаварыў пра першыя крокі на доўгай дарозе да пераменаў, Статкевіч быў больш аптымістычны: «Калі Лукашэнка не зменіць свае законы праз некалькі месяцаў, гэта зробіць беларускі народ».

Але беларускі народ на плошчы Якуба Коласа прагнуў пачуць не пра далёкія дарогі, а пра магчымыя пратэсты ў дзень галасавання. Пра канкрэтныя планы прагучала, праўда, толькі адно – у панядзелак палітыкі дадуць прэс-канферэнцыю. Прадпрымальнік Алесь Макаеў хацеў заклікаць прысутных выходзіць на Плошчу, але мегафон яму не далі.

Мітынг скончыўся малітвай за Беларусь, некалькі дзясяткаў людзей нават узяліся за рукі. Пытанне “А што заўтра?” задавалася ў натоўпе і выклікала жывое абмеркаванне. А ў той частцы, дзе за Беларусь маліліся, але не браліся за рукі, у адрас палітыкаў прагучалі нават матныя словы – часамі, калі ты публічная фігура, ўсё ж такі лепш казаць, чым маўчаць.

Пасля ўдзельнікі не разыходзіліся яшчэ гадзіну – магчыма, у такім фармаце атрымаецца сабрацца толькі на наступных выбарах. Не разыходзіліся і «ціхары» – адзін хлопец негучна пракрычаў пра «Застаемся» – некалькі галоваў напружана павярнуліся ў яго бок. Але заставацца сёння ніхто не стаў.

Іван Шыла, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары