Як і за што каралі ў ВКЛ


Вялікае княства Літоўскае было вельмі гуманнай дзяржавай, не тое, што дзяржавы Заходней Еўропы, дзе шугалі вогнішчы інквізіцыі. Аднак, і нашыя продкі часам прымянялі пакаранні за правіны ці катаванні за жудасныя злачынствы. Belsat.eu прадстаўляе ТОП 6 самых папулярных пакаранняў у гісторыі Вялікага княства Літоўскага.

Падміргнула мужчыне – насі «саламяную касу»

Выключна жаночым пакараннем было нашэнне «саламянай касы». Пакаранне гэтае было не фізічнае, а, хутчэй, маральнае. Асуджалі на нашэнне «саламянай касы» маладых незамужніх дзеўчын, якія паводзілі сябе вельмі непрыстойна ў разуменні тых часоў. Усміхнулася жанатаму мужчыне – насі «касу»! Апранула занадта адкрытую сукенку – зноў насі «касу»! Падміргнула мужчыне – насі «саламяную касу» цэлы тыдзень!

Саламяная каса

5 кілаграм на шыю за пропуск набажэнства

Ружанец – вялікі цяжкі крыж вага якога магла дасягаць 5 кілаграм. Нашэннем такога «ўпрыгожвання» маглі пакараць за віну перад Царквой.

Нашэнне ружанца

«Ружанец» быў не толькі цяжкі і моцна напружваў шыю, але і ад доўгага нашэння на шыі з’яўляліся балючыя мазалі. Такое пакаранне прызначалі як мужчынам, так і жанчынам. Хаця мужчынам выпадаў шанец насіць «ружанец» па статыстыцы часцей. Калі прапусціў набажэнства ў нядзелю, калі прыйшоў выпіўшы на службу і святар гэта заўважыў, калі заснуў падчас набажэнства – то будзеш насіць «ружанец» да наступнай нядзелі. Такімі метадамі карысталіся на землях ВКЛ езуіты.

Прастаяць цэлы дзень у «ганебнага слупа» справа нялёгкая

Фактычна ў кожным горадзе Вялікага княства Літоўскага ў самым цэнтры знаходзіўся «ганебны слуп», ці «калодкі». Прыгаворвалі, звычайна, да стаяння ў «калодках» за нязначныя злачынствы, як дробны крадзеж ці п’яны дэбош. Безумоўна, цэлы дзень прастаяць у адной позе было вельмі цяжка.

Калодкі ці ганебны слуп

Узімку пакараны злачынец замярзаў, а ўлетку – пакутаваў ад спёкі, ды і піць моцна хацелася ў дадатак. Не абыходзілася і без спраўлення прыроднай патрэбы, стоячы ў «калодках». Натуральна, што пакараны яшчэ такім чынам і мог «праславіцца» на ўсю сваю мясцовасць, а мінакі, у сваю чаргу, праходзячы міма «ганебнага слупа» заўсёды «кідалі» едкае слаўцо, а бывала і камень, у бок пакутніка.

Драўлянай пілой рвалі скуру жыўцом

Адным з самых жорсткіх пакаранняў было катаванне пілой. Злачынца прывязвалі ў ляжачым палажэнні да стала і пачыналі жыўцом пілаваць яго цела. І дай Бог каб гэта была сталёвая вострая піла. Вельмі частка карысталіся драўлянымі піламі з дуба, якія спачатку ірвалі скуру, а потым і вантробы. Пры гэтым пакараны заставаўся жывым ды адчуваў пякельны боль. Паміраў чалавек звычайна ад хуткай страты крыві ці ад болевага шоку.

Ручная піла

Такія жорсткія меры пакарання маглі прымяняць да забойцы, які быў прасталюдзінам ці не з’яўляўся хрысціянінам.

«Казака ўзбіць на паль

«Узбіццё на паль» – так называлася пакаранне, якое больш вядома пад назвай «саджанне на кол». На тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага ды і ўсёй Рэчы Паспалітай пакаранне практыкавалася да канца 18 стагоддзя. Асаблівы «росквіт» мела ў часы барацьбы з казацтвам у сярэдзіне 17 стагоддзя. Такое пакаранне было характэрнае для вельмі злосных праступкаў супраць дзяржавы.

Саджанне на кол

На глыбіню некалькіх дзясяткаў сантыметраў у цела ўводзілі кол, змазаны алеем. Затым кол фіксавалі ў вертыкальным палажэнні. Пад уздзеяннем цяжару свайго цела пакараны павольна спаўзаў уніз. Часта на кол прымацоўвалі перагародкі, каб ахвяра не спусцілася ўніз. Хіба самае жахлівае пакаранне, бо ахвяра магла пакутаваць па некалькі дзён. Бывала, што кол не трапляў у жыццёва важныя органы, а толькі ўваходзіў усё глыбей у цела.

Саджанне на кол, ілюстрацыя

Але і былі выпадкі, калі ахвяра памірала праз некалькі гадзін ад страты крыві ці болевага шоку.

«Сцяццё праз меч» ды «чвартаванне»: ці ёсць розніца?

Хіба з жорсткіх пакаранняў «сцяццё праз меч» ды «чвартаванне» былі найбольш гуманнымі. Каралі такім чынам забойцаў хрысціянскага паходжання, або нехрысціян, якія перад смерцю вырашылі прыняць хрышчэнне «кроўю» – публічна ўверавалі ў Хрыста.

Cякера для разрубання цела

«Сцяццё праз меч» – адсячэнне галавы злачынцу. Калі злачынства ацэньвалася, як брутальнае, то цела пакаранага публічна маглі разрубіць на некалькі частак сякерай ды развесіць на ўездах у горад.

Cцяццё праз меч

«Чвартаванне» фактычна насіла такую ж функцыю, толькі было больш балючае для ахвяры. Канечнасці ахвяры прывязвалі да чатырох коней ды пускалі іх у розныя бакі. Такім чынам ахвяру жыўцом разрывалі на чатыры часткі.

Чвартаванне

Мікола Дзямідаў belsat.eu

Стужка навінаў