Ці варта адзначаць 7-га лістапада? Погляд гісторыка


Пра гістарычную дату 7-га лістапада трэба памятаць, але святкаваць – не, хоць Кастрычніцкая рэвалюцыя свой уплыў на гісторыю Беларусі аказала, падкрэсліў у размове з «Белсатам» гісторык Ігар Мельнікаў.

Ці Кастрычніцкая рэвалюцыя мае сувязь з Беларуссю – застаецца вялікім пытаннем, падкрэсліў адмыслоўца. «Для бальшавікоў Беларусь была разменнай манетай. Разам з тым, безумоўна, канец імперыі Раманавых даў магчымасць, каб Беларусь, Украіна, Польшча і іншыя краіны заявілі, што могуць і жадаюць быць незалежнымі. Гэта варта памятаць, але ці патрэбна гэта святкаваць? Напэўна, не», – адзначыў спадар Мельнікаў.

Да сённяшняга дня ў Беларусі школьныя падручнікі па гісторыі і праграмы для школаў грунтуюцца на аспектах савецкай гісторыі.

«На жаль, няма скіраванасці на беларускае мінулае, а савецкі перыяд робіцца галоўным у гісторыі Беларусі», – заўважыў знаўца. Паводле яго, нават афіцыйныя ўлады Беларусі пачалі заўважаць, што дасавецкі перыяд гісторыі нашай краіны значна больш багаты і цікавы.

«Не трэба моцна ўзносіць ролю бальшавікоў і Кастрычніка. Беларусы самі мусілі змагацца. Яны атрымалі магчымасць і яе выкарысталі», – скаментаваў гісторык. Ключавой жа падзеяй, паводле яго, для сучасных беларусаў мае быць абвяшчэнне БНР у сакавіку 1918 года.

«Савецкага Саюзу ўжо няма.Нават суседзі, расейцы, якія вельмі любяць імперскія тэндэнцыі, Савецкі Саюз, яны ўжо не святкуюць 7-га лістапада. І нашаму грамадству трэба па-іншаму глядзець на гэтую дату», – падсумаваў спадар Мельнікаў.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў