Wall Street Journal: Беларусь – Крамянёвая даліна Усходняй Еўропы


«World of Tanks» – зроблена ў Беларусі.

Амерыканскае выданне наведала Менск, каб зразумець феномен Парку высокіх тэхналогіяў, леташні экспарт якога ацэньваецца ў $ 705, 6 млн.

Паводле газеты, нашая «заціснутая паміж Польшчай і Расеяй 9,5-мільённая краіна» мае добра адукаванае насельніцтва і адносна танную працоўную сілу, і на сёння гэта – найбуйнейшая і найбольш стабільная крыніца аутсорсавых IT-працаўнікоў у Еўропе.

«Беларусь, якой кіруе былы старшыня калгасу, вядомая з вытворчасці трактароў. Аднак цяпер былая савецкая рэспубліка хоча стаць Крамянёвай далінай Усходняй Еўропы», – піша аўтарка матэрыялу Вольга Разумоўская.

Парк высокіх тэхналогіяў, што займае паўмільёна квадратных метраў на ўсходзе Менску, прапануе сваім рэзідэнтам падаткавыя ільготы і стварае асяроддзе, якое стымулюе інавацыйнасць, нягледзячы на тое, што беларускі ўрад мае рэпутацыю мала памяркоўнага ў дачыненні да іншадумцаў.

«Гэта адносна таннае месца для развіцця і ідэальнае месца для распрацоўкі гульняў», – кажа Пётр Іваніцкі (Piotr Iwanicki), дырэктар польскай кампаніі «Superhot Team».

Firma Piotra Iwanickiego jest twórcą komputerowej strzelanki “Superhot”.

«У Беларусі, якую часта называюць апошняй дыктатурай Еўропы, дагэтуль дамінуе дзяржаўнае кіраванне гаспадаркай, а прэзідэнт Лукашэнка кантралюе палітычнае жыццё. Але краіна паволі адкрываецца: летась Еўразвяз скасаваў большасць санкцыяў супраць Беларусі нягледзячы на няспыннае перасцярогі з нагоды парушэння правоў чалавека», – піша аўтарка.

Адзін з самых вялікіх поспехаў беларускага ПВТ – «Game Streem», распрацоўнік відэагульні «World of Tanks». Запушчаная ў 2010-м годзе гульня мела сёлета ў кастрычніку 12 млн актыўных карыстальнікаў.

Сярод іншых паспяховых арандатараў Парку – «EPAM Systems Inc»., сусветны пастаўшчык праграмнага забеспячэння і ІТ-спецыялістаў, стваральнік паспяховага камунікатару «Viber» і калектыў «Masquerade Technologies Inc»., які нядаўна прадаў сваю праграму «MSQRD» «Фэйсбуку».

Ідэя парку з’явілася ў ягонага сённяшняга дырэктара Валерыя Цапкалы пасля візіту ў Крамянёвую даліну напрыканцы 90-х, калі Цапкала быў амбасадарам Беларусі ў ЗША. Тады дзяржслужбовец зразумеў неабходнасць падтрымліваць таленты на радзіме.

«Мне падабаецца працаваць у Беларусі больш [чым у іншых краінах], таму што культура працы і працоўная этыка і адукацыя і якасць людзей былі на вельмі высокім узроўні», – цытуе выданне Ігара Магазініка, заснавальніка праграмаў «Viber» і «Juno Inc.». З дапамогай апошняй Магазінік збіраецца кінуць выклік «Uber».

Сярод пераваг беларускіх распрацоўнікаў суразмоўцы Вольгі Разумоўскай адзначаюць таксама высокую культуру працы, арыентацыю на сусветныя рынкі і свабоднае, у параўнанні з расейцамі, валоданне ангельскай мовай.

«Хоць Беларусь можа мець палітычны імідж, які адпужвае некаторых інвестараў, яе прававая сістэма прапануе надзейную абарону», – распавёў выданню Зміцер Матвееў, партнёр юрыдычнай фірмы «Алейнікаў і партнёры».

ДД паводле WSJ

Глядзі таксама
Каментары