Вяскоўцы абураюцца будоўлі свінакомлексу і просяць Лукашэнку разабрацца


Карэліцкі выканкам прымушае вяскоўцаў да траўня пазбавіцца ад свіней і тлумачыць сваё рашэнне «бяспекай рэспублікі».

«Прыйсці ў краму як у той музей, каб паглядзець на свініну ці каўбасу», – дзівіцца коштам жыхар вёскі Вялікая Слабада Аляксандр Кныш.

«Без свіней не пражывеш у вёсцы. Трэба, каб быў нейкі кавалак сала, і свежага, і салёнага. Маленькі заробак – 1,5 мільёны. У краму схадзіць як на выставу», – кажа Мікалай Гемяка з той жа вёскі.

Мясцовы выканкам пастанавіў: ад свінняў трэба пазбавіцца да траўня. Таму што побач будуюць свінакомплекс.

Жыхары сабраліся і паехалі ў Карэліцкі выканкам – атрымаць тлумачэнні, ды абмеркаваць варыянты выйсця з сітуацыі. Але адказ быў нечаканым.

«Даруйце, адныя людзі могуць пацярпець, мы робім комплекс для забеспячэння харчовай бяспекі Рэспублікі Беларусь», – заявіла юрыстка кіраўніцтва сельскай гаспадаркі Карэліцкага выканкаму.

Адзіная прапанова мясцовых уладаў для вяскоўцаў – магчымасць набываць свініну сабекоштам. Ды і тое: пакуль гэта толькі абяцанкі, якія людзям не спадабаліся.

Папярэджваць пра такую будоўлю ўлады мусілі загадзя, лічаць эксперты.

«Грамадскасць не толькі павінна, але і абавязаная прымаць удзел у абмеркаванні. Бо такі ўдзел прадугледжаны законам, дзе ёсць спецыяльны радзел пра ўплыў на навакольнае асяроддзе, а таксама стратэгічная і экалагічная ацэнка», – кажа Аляксандр Сыкала з ГА «Беларуская асацыяцыя сацыяльных працаўнікоў».

Адзіная надзея, якая засталася ў людзей – дагрукацца да гаранта канстытуцыі.

«Аляксандр Рыгоравіч, мы, проста просім, молім вас: дапамажыце нам разабрацца ў гэтай сітуацыі. Пабудавалі свінакомлпекс ледзь не пад нашымі дварамі. Аднойчы нас пазбавілі ўсіх свіней. І цяпер зноў тое ж самае! Мы не вінаватыя, што тут побач пабудавалі свінакомплекс. Нам ён непатрэбны!» – звяртаюцца жыхары вёсак Вялікая Слабада, Тарасавічы, Віялетава да кіраўніка краіны.

Тым часам будаўніцтва ідзе поўнаю хадою. Ужо праз два месяцы ў раёне, дзе жыве 21 тысяча чалавек, з’явіцца комплекс на 27 тысяч свінняў. Таму хутка тут свінняў будзе больш, чым людзей. Ці пачуюць улады голас простага люду?

Рэпартаж выйшаў у праграме «Маю права».

Глядзі таксама
Каментары