Ва Украіне праз арышт Паўла Шаройкі для Беларусі патрабуюць санкцыяў


З адпаведнай заяваю выступіў ЦДАКР («Цэнтр даследаванняў арміі, канверсіі і раззбраення»). Арышт украінскага журналіста Паўла Шаройкі ў Менску ставіць Беларусь у адзін шэраг з пуцінскім рэжымам, лічаць у арганізацыі і прапануюць выступіць супраць удзелу Лукашэнкі ў саміце «Усходняга партнёрства» 24 лістапада ў Бруселі.

«Фактычна Беларусь зраўняла сябе з Расеяй у дачыненні да Украіны. І стаўленне да яе мусіць быць адпаведным, у тым ліку і з пункту гледжання ўвядзення санкцый супраць Менску», – адзначаецца ў заяве.

У заяве пералічаныя дзеянні афіцыйнага Менску, якія скіраваныя супраць Украіны: прапанова размясціць на Данбасе беларускіх міратворцаў, правядзенне вучэнняў «Захад-2017», галасаванне супраць рэзалюцыі ААН па Крыме, затрыманне Паўла Грыба і Паўла Шаройкі.

Эксперты з ЦДАКР прапануюць пачаць кампанію за ўвядзенне санкцый і больш жорсткай палітыкі супраць беларускіх уладаў ва ўсіх напрамках – сферы бяспекі, эканамічнай, інфармацыйнай, дыпламатычнай.

«Пачаць санкцыйныя захады супраць Менску неабходна неадкладна. У прыватнасці, 24 лістапада ў Бруселі адбудзецца саміт Усходняга партнёрства, на які ўпершыню за многія гады запрошаны Аляксандр Лукашэнка. Цэнтр мяркуе, што Украіна мае выступіць супраць удзелу беларускага прэзідэнта ў брусельскім саміце, паколькі сам факт прысутнасці Лукашэнкі за адным сталом з еўрапейскімі лідарамі (у тым ліку і прэзідэнтам Украіны) будзе нівеляваць не толькі палітыку Еўразвязу ў стрымліванні расейскай агрэсіі, але і саму сутнасць Еўрапейскага Звязу з яго нулявою талерантнасцю да грэбавання базавымі правамі чалавека, запалохвання праваабаронцаў, рэпрэсіяў супраць журналістаў», – адзначаецца ў заяве.

Паўла Шаройку затрымалі 25 кастрычніка. Журналіст каля двух тыдняў не выходзіў на сувязь, спробы рэдакцыі датэлефанавацца да яго і ягоных сваякоў не далі выніку. Да канца, невядома, ў чым яго абвінавачваюць. Адна з версіяў – шпіянаж, але КДБ адмаўляецца паведамляць, ці выставілі Шаройку афіцыйнае абвінавачванне. Журналіста трымаюць у СІЗА КДБ.

Днямі стала вядома, што ў Менску затрымалі яшчэ аднаго ўкраінца.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў