Уладзіміра Някляева аштрафавалі за Першамай


Суддзя Святлана Мятлёнак з Ленінскага раённага суду Менску пастанавіла аштрафаваць палітыка на 1150 рублёў (50 базавых).

Сам Уладзімір Някляеў на суд не прыйшоў, рашэнне вынеслі завочна.

Судзілі яго, як і іншых удзельнікаў акцыі, за тое, што выкрыкваў лозунгі «Баста» і «Жыве Беларусь», а пасля ўдзельнічаў у несанкцыянаваным шэсці.

Уручыўшы позву за ўдзел у акцыі 1 траўня, міліцыянты параілі чакаць «трайнога тарыфу» – 15 содняў замест 5. Такое пакаранне прызначаюць тым, хто цягам года пасля апошняга адміністратыўнага парушэння здзейсніў яшчэ адное падобнае.

Уладзімір Някляеў выйшаў з Акрэсціна 11 траўня: ён адбываў 5-цідзённы арышт за ўдзел у Маршы абураных Беларусаў 17-га лютага. У камеры ў палітыка здарыўся гіпертанічны крыз, але, паводле Някляева, ахоўнікі не выклікалі хуткай і не выдавалі лекаў у належны час. Папярэдні крыз палітык перажыў напрыканцы сакавіка, калі яго знялі з цягніка ў Берасці ды адправілі ў ізалятар часовага ўтрымання напярэдадні Дня Волі.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў