Уцячы ад вайны


У суседні дом трапляе ракета з «Граду». Пад вокнамі праязджае БТР з барадатымі аўтаматчыкамі. Самы час шукаць для сям’і іншы дом, бо потым можа быць позна. Самыя адчайныя з’язджаюць на Захад, каб пачаць жыццё нанова. Толькі там іх ніхто не чакае.

За лепшай доляю

Брат і сястра Уладзіслаў ды Святлана са сваймі сем’ямі жылі непадалёк ад Данецкага аэрапорту. Калі ўмоўна-мірны захоп будынкаў у горадзе перарос у сапраўдныя баявыя дзеянні, яны вырашылі пакінуць горад. Выехалі ў Марыупаль. «А неўзабаве і пад Марыупалем зя‘віліся гэтыя незразумелыя людзі… Мы вырашылі ехаць далей», – гаворыць Уладзіслаў

У Данецку ён працаваў на металургічным заводзе, начальнікам бюро ў тэхнічным упраўленні. Жонка – галоўны спецыяліст у аддзеле якасці. Сястра Уладзіслава – Святлана, працавала кансультантам па правільнаму харчаванню. Але цяпер нават адукацыя і досвед не гарантуе працаўладкавання ва Украіне. Уцекачы з Данбасу скардзяцца, што стаўленне да іх не найлепшае. «Данецкім» і «луганскім» не хочуць злаваць кватэры, прымаць на працу. Вінавацяць іх у прарасейскіх настроях і ўласна ў тым, што на Данбасе льецца кроў.

«Мы згубілі ўсё, што мелі. У дом, дзе мая кватэра, трапіў снарад і знішчыў вугал. Пад’езд цэлы стаіць. Ад выбухаў вокны павыляталі. Праз дом у кватэру маёй сяброўкі снарад заляцеў проста ў пакой. Дзякуй Богу, не выбухнуў. У бабулі ў пад’езд трапіў снарад і выбухнуў, дзверы павыбівала… Праз вайну мы згубілі ўсё. Сяброў, працу, жытло. Радзіму», – гаворыць Святлана.

Яна распавядае пра знаёмага бізнесоўца, у якога ДНР-аўцы выкралі сына дзеля выкупу. Як забіраюць машыны. Як снарад выбухае каля прахадной і забівае чалавека.

Брат і сястра вырашылі пакінуць краіну. Разам са сваймі сем’ямі яны даехалі да украінска-польскай мяжы і папрасілі прытулку.

Праўная пастка

У Польшчу апошнія гады прыязджала шмат украінцаў – працаваць, вучыцца. Праз вайну на Данбасе дадаліся яшчэ і тысячы ўцекачоў. Аднак апынулася, што суседняя краіна не гатовая да такога развіцця падзеяў.

Ад пачатку 2014 году амаль 3 тысячы грамадзянаў Украіны звярнуліся да ўладаў Польшчы з просьбаю аб наданні статусу ўцекачоў. Паводле афіцыйнай статыстыкі, толькі ў 19 (!) выпадках заяўнікі атрымалі дадатковую ахову ці згоду на пражыванне.

«Статус уцекача надаецца тым асобам, для якіх на радзіме існуе асабістая пагроза. Напрыклад, калі нейкія групоўкі ці аўтарытарныя ўлады пагражаюць асабістым пераследам канкрэтнай асобе. Тады такой асобе ведаецца Жэнеўскі пашпарт і дазвол на пражыванне», – тлумачыць Эва Пехота, прэс-сакратар Упраўлення па справах іншаземцаў у Польшчы.

Гэта значыць, што тысячы ўкраінцаў, якія ўцяклі з Данбасу, не могуць разлічваць на афіцыйны статус «уцекач». Улады запэўніваюць, што кожную заяву разглядаюць асобна ды з улікам усіх акалічнасцяў.

Але каб застацца ў Польшчы, факту абстрэлаў у Данецку недастаткова. Афіцыйна Украіна не знаходзіцца ў стане вайны, ды павінна сама дапамагаць сваім грамадзянам.

«Часам такія справы прыпыняюцца паводле заявы самых грамадзянаў Украіны. Здараецца, што пасярэднікі наабяцаюць людзям залатыя горы, маўляў, калі паедзеце ў Польшчу і папросіце прытулку, вам адразу дадуць і жыллё, і працу, і польскі пашпарт, – дадае Эва Пехота. – Але гэта ня так. Такія пасярэднікі падманваюць людзей і яшчэ бяруць за гэта грошы».

Гістарычная радзіма – не маці, а мачыха?

«Чаму Польшча? Таму што мы маем польскія карані, мы ўсе палякі па лініі бацькі. Маем тут сваякоў. І хочам застацца тут», – гаворыць Уладзіслаў. Але шанцаў няшмат нягледзячы на польскае паходжанне: няма вайны – няма і ўцекачоў.

У студзені польскае МЗС зарганізавала эвакуацыю этнічных палякаў з Данбасу, у Польшчу выехалі каля 200 асобаў, што мелі «карту паляка», ці маглі пацвердзіць сваё паходжанне. Хто «карты» не меў, або выязджаў «уласнымі сіламі» апынуўся непатрэбным на гістарычнай радзіме. Дапамагаюць такім перасяленцам такія арганізацыі, як «Фонд свабода і дэмакратыя», часам – лакальныя ўлады і валанцёры. Дапамагаюць рэчамі, кансультацыямі адмыслоўцаў, але заканадаўства застаецца тое ж самае, паводле яго такія перасяленцы – у «падвешаным стане».

«Нам не трэба шмат, нам не трэба нейкіх прэферэнцыяў. Я пачынаў працаваць на заводзе звычайным рабочым, як і мая жонка. І тут мы гатовыя пачынаць усё з нуля. Дзеля будучыні нашых дзяцей», – кажа Уладзіслаў.

Ці атрымаецца? Цягам сакавіка міграцыйныя ўлады маюць вынесці рашэнне.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

На гэтую ж тэму: Як жывуць перасяленцы з Данбасу ў Беларусі? Ці гатовыя беларусы да вайны? Глядзіце праграму «Людскія справы».

Глядзі таксама
Каментары