У выбарчых камісіях Берасця будуць працаваць толькі прыхільнікі Лукашэнкі


Сёння апошні дзень, калі ў Беларусі павінны быць сфармаваныя ўчастковыя тэрытарыяльныя камісіі па выбарах прэзідэнта Беларусі, але падобна кампанія пойдзе па добра адпрацаваным за 21 год сцэнары.

У Берасці ўчора сабраліся прадстаўнікі адміністрацыі Маскоўскага раёну гораду, каб сфармаваць выбарчыя камісіі. З 1253 пададзеных заяваў было адабрана 1125 чалавекі. Вось толькі не згодным з курсам дзейснай улады ў камісіях месца не знайшлося. Беспартыйны Аляксандр Мельнік удзельнічае ў выбарчых кампаніях з 2004 года, але і ён не быў уключаны ў склад выбарчай камісіі. Прычыну не ўключэння чыноўнікі назвалі – адсутнасці вопыту работы ў выбарчай камісіі. Але такую адмову Аляксандр Мельнік лічыць проста смешнай.

«Гэта чарговы фарс пад назвай выбары. Досвед працы на выбарчых працэсах у мяне вельмі вялікі. Прайшло пасяджэнне адміністрацыі Маскоўскага раёну Берасця – мяне не ўключылі па прычыне адсутнасці ў мяне вопыту работы ў выбарчай камісіі. Але прабачце мяне – я гэтымі выбарамі займаюся ўжо адзінаццаць гадоў, адукацыя ў мяне спецыяліст дзяржаўнага і мясцовага кіравання. Я хацеў бы ў твар убачыць таго камсамольца, які з’яўляецца сябрам выбарчай камісіі і які ў руках не трымаў выбарчага кодэксу. Усё ідзе па наезджанай каляіне, гэтыя выбары не будуць адрознівацца абсалютна нічым ад мінулых, і да іх у людзей няма цікавасці. Абскарджваць усе гэтыя рашэнні бессэнсоўна, з 2004 года я спрабаваў абскарджваць шмат рашэнняў выбарчых камісій, даходзіў да суда – але ўсё марна».

Праваабаронца Уладзімір Вялічкін таксама лічыць, што цяперашняя прэзідэнцкая кампанія – гэта чарговы фарс.

«Я хацеў пачуць якой партыяй, колькі было пададзена заяваў і колькі чалавек з гэтых партый прайшло ў склад выбарчых камісій – мне гэтую інфармацыю не далі. Прадстаўнікі камісіі нават не паказалі нам праект рашэння з якога было б відаць хто і як трапіў у выбарчыя камісіі, я таксама не змог азнаёміцца з гэтым матэрыялам. Гэта прымушае задумацца, у нас вельмі вялікія сумневы ў сумленнасці і адкрытасці гэтай прэзідэнцкай кампаніі».

Па законе ў складзе выбарчых камісій 1/3 павінны складаць прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў і партый. У Маскоўскім раёне Берасця падобны паказнік не ўдаецца выканаць і блізка. Пры наяўнасці 87 выбарчых камісіі толькі 44 прадстаўніка (як правіла лаяльных да ўлады) розных палітычных партый увайшлі ў іх склад. Астатнія дабіраюцца з дапамогай грамадскіх аб’яднанняў БРСМ і Белай Русі, так і ўтвараецца лічба – 511 прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў у тэрытарыяльных камісіях Маскоўскага раёну Берасця.

Крыху раней у выбарчыя абласныя камісіі без тлумачэння прычын не былі ўключаныя прадстаўнікі «Рух за Свабоду». У прыватнасці Сяргей Вакуленка, які распавёў пра гэта Белсату:

«Калі фарміраваліся абласныя камісіі (у сярэдзіне ліпеня) заявы апазіцыйна настроеных грамадзянаў нават не разглядаліся. Таксама не разглядалі і маю кандыдатуру. У камісіі ўключаліся толькі тыя людзі, якіх палічыў патрэбным уключыць без тлумачэння прычын работнік аблвыканкаму. У судзе мы даведаліся, што было даручэнне фармаваць камісіі з правераных людзей, гэтыя людзі ўжо і раней рабілі выбары па патрэбным для ўлады сцэнары, зробяць і цяпер».

Не змог стаць сябрам камісіі і яшчэ адзін прадстаўнік «Рух за свабоду» Дзяніс Турчаняк.

«Аналіз складу выбарчых камісій сведчыць аб іх фармаванні з прыхільнікаў кандыдата ў прэзідэнты Лукашэнкі – кажа Турчаняк – гэтыя людзі і будуць займацца «афармленнем» яго чарговага прэзідэнцкага тэрміну. Камісіі ўсіх узроўняў фармаваліся органамі выканаўчай улады, кіраўнікоў якіх прызначыў кандыдат Лукашэнка, знаходзячыся на пасадзе прэзідэнта. Рукамі падкантрольных чыноўнікаў ён фармуе камісіі з лаяльных да яго грамадзянаў. Асабіста мяне не ўключылі ў склад Берасцейскай абласной тэрытарыяльнай камісіі, як я лічу, з-за маёй крытыкі цяперашняй улады. Мы абскардзілі адмову ў абласным судзе. У ходзе суда высветлілася, што адборам кандыдатаў у склад камісіі займалася галоўнае ўпраўленне арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкаму. Тое ж адбывалася і пры фармаванні ўчастковых камісій членамі адміністрацый раёну гораду, якія не ўключылі ў склад камісій нікога з берасцейцаў, здольных супрацьстаяць фальсіфікацыям».

АЛ. Belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары