У Светлагорску затрымалі журналістаў Кастуся Жукоўскага і Аляксея Атрошчанку, якія здымалі спілаваныя елкі


Аляксей Атрошчанка і Кастусь Жукоўскі. Фота baj.by

Журналісты-фрылансеры Кастусь Жукоўскі ды Аляксей Атрошчанка трапілі ў міліцэйскі пастарунак у Светлагорску. Журналістаў затрымалі падчас здымкаў на цэнтральнай плошчы гораду, дзе ўлады спілавалі жывыя елкі ды арэхавыя дрэвы.

Спачатку да журналістаў падышлі міліцыянты ды запатрабавалі паказаць дакументы. Пасля гэтай праверкі да іх падбег маёр міліцыі, які назваў сваё прозвішча – Вяжэвіч, ды загадаў паказаць дакументы яшчэ раз. Журналісты сказалі, што дакументы ў іх толькі што паверылі і навошта іх паказваць зноў.

«Маёр пачаў трэсціся, – распавёў Belsat.eu Кастусь Жукоўскі. – Ягоная рэакцыя была нейкай дзіўнай. Пачаў крычаць, ці ёсць у нас акрэдытацыя? Мы адказалі, што права на свабодны распаўсюд інфармацыі гарантуе Канстытуцыя Беларусі. Маёр сказаў, каб мы прайшлі ў аддзяленне. Мы не супраціўляліся. У аддзяленні ён паводзіў сябе неадэкватна: хапаўся за камеру, за руку, піхаў мяне, абражаў, стараўся ўсяляк справакаваць. Я напісаў скаргу на гэткія дзеянні міліцыянта. Потым маёр завёў нас у нейкі куток і загадаў выкладваць усе рэчы. Мы сказалі, што зробім гэта толькі тады, калі будзе складзены пратакол асабістага агляду. Праз некаторы час маёра паклікалі, а два новыя міліцыянты, якія прыйшлі замест яго, склалі пратакол агляду».

Пасля гэтага міліцыянты склалі на журналістаў пратаколы апытання ды, пратрымаўшы каля трох гадзінаў, выпусцілі.

«Насамрэч нас чакалі ў Светлагорску, – перакананы Кастусь Жукоўскі. – Спілоўванне жывых елак у горадзе – справа не палітычная, але выклікае незадаволенасць людзей».

Сёлета Кастусю Жукоўскаму ды Аляксею Атрошчанку міліцыянты перашкаджалі выконваць прафесійныя абавязкі блізу 10 разоў.

Некалькі дзён таму стала вядома, што былы міліцыянт з Лоева абвінаваціў Кастуся Жукоўскага ў нападзе. Перад гэтым журналіст паразмаўляў з былым міліцыянтам, бо той у жніўні забраў сваім аўтам жанчыну-правакатарку, якая з кулакамі накінулася на выбарчым пікеце на Кастуся Жукоўскага, які быў даверанай асобай кандыдата ў дэпутаты.

Сёлета вясною Кастусь Жукоўскі зашыў сабе рот на знак пратэсту супраць высокіх штрафаў, якімі ўлады караюць незалежных журналістаў за іхную працу.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары