На пікеце ў Лоеве жанчына з кулакамі напала на давераную асобу кандыдата

video

У Лоеве падчас агітацыйнага пікету за чальца АГП Аляксея Атрошчанку невядомая жанчына з кулакамі накінулася на давераную асобу кандыдата ў дэпутаты – журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага.

Спадар Жукоўскі распавядаў на пікеце пра беззаконне з боку лоеўскай міліцыі, калі да яго раптам падышла жанчына ды паспрабавала вырваць з рук мегафон. «Вы прадстаўнік гэтай улады, таго, што яна беражэ, – пʼяны, дурны, кідаецца на людзей», – скаментаваў Кастусь Жукоўскі.

Актывіст лічыць здарэнне правакацыяй, якую арганізавалі міліцыянты. «Жанчына падышла да мяне напалоханая і выглядала гэтак, нібыта нехта паставіў перад ёй складаную задачу, якую страшна выконваць. Падышоўшы, яна вырывала з маіх рук мегафон і ціха казала: наша міліцыя і улада добрыя. Потым, калі я адвярнуўся, яна стукнула мне у спіну і схапілася зноўку за мегафон… Я папрасіў яе супакоіцца і сказаў што выклічу міліцыю. Яна мне у адказ паведаміла: міліцыя нічога мне не зробіць, я буду рабіць, што мне сказалі. Я спачатку не зразумеў сэнсу гэтых словаў і падумаў: нешта ў яе здарылася, таму яна так сябе паводзіць», – заўважыў спадар Жукоўскі.

Выкліканая міліцыя доўга не падʼязджала, таму актывіст пазваніў туды яшчэ раз. Міліцыянты запыталі: «Дзе цяпер вы?» Пікетоўца патлумачыў і праз некаторы час побач праехалі міліцыянты, але не спыніліся. Праз хвіліну падʼехаў белы «Мерседэс», які спыніўся і забраў жанчыну. Калі нападніцы ўжо не было, толькі тады да пікетоўцаў падʼехала міліцэйская машына, якая першы раз чамусіць праехала міма.

«Гэта на 100 % спланаваная правакацыя працаўнікоў Лоеўскага РАУС. Калі б тую жанчыну і міліцыянтаў праверыць на дэтэктары хлусні – гэта пацвердзілася б. Міліцыянтам не спадабалася, што мы ладзілі пікет каля райвыканкама і рынку, дзе шмат людзей, і гучна расказвалі праз мегафон пра тое, як яны парушаюць закон. Таму яны і хацелі сарваць пікет, меркавалі, што я пачну бойку», – адзначыў спадар Жукоўскі.

Праз некаторы час актывісты пабачылі нападніцу, якая спакойна гутарыла з міліцыянтам. Разам яны некуды пайшлі.

Відэа праграмы «Абʼектыў» пра апазіцыйны пікет у Лоеве:

Раней у Хойніках давераных асобаў Аляксея Атрошчанкі на агітацыйным пікеце абражала сталая жанчына, якая задзірала падол спадніцы і дэманстравала ім свае майткі.

На падставе двух інцыдэнтаў кандыдат у дэпутаты Аляксей Атрошчанка падаў заявы ў абласную выбарчую камісію і ва Упраўленне ўнутраных справаў Гомельскага аблвыканкаму, паведаміў Кастусь Жукоўскі.

Лоеўскія міліцыянты затрымалі Кастуся Жукоўскага сёлета ў чэрвені ды жорстка збілі. Фрылансер хацеў зняць у Лоеве матэрыял пра беднасць у рэгіёне.

МЯ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары