У Расеі медыям далі ўказанне, як пісаць пра «Правы сектар»


Федэральная служба па наглядзе ў сферы сувязі і масавых камунікацыяў (Раскамнагляд) заявіла, што згадкі ў сродках масавай інфармацыі арганізацыяў, прызнаных на тэрыторыі Расеі экстрэмісцкімі, магчымая толькі ў негатыўным ключы.

«Правы сектар» прызнаны ў Расеі экстрэмісцкай арганізацыяй, яе дзейнасць на тэрыторыі краіны забароненая.

У адваротным выпадку ведамства пагражае адміністрацыйным штрафам і папярэджаннем.

«Згадванне ўключаных у пералік арганізацыяў дапушчальна ў матэрыялах СМІ ў негатыўным ключы, з выкарыстаннем характарыстык «радыкальныя», «экстрэмісцкія», «нацыяналістычныя». Пры гэтым тэкст паведамлення павінен змяшчаць прамое ўказанне на ліквідацыю альбо забарону дзейнасці такіх арганізацыяў», – гаворыцца ў паведамленні на сайце Раскамнагляду.

«Цэнзура стала легальнай», – адрэагаваў на папярэджанне расейскі апазіцыянер Аляксей Навальны.

З лістапада мінулага года па рашэнні суда на тэрыторыі Расеі забаронена дзейнасць украінскіх арганізацыяў «Правы сектар», «Украінская нацыянальная асамблея – Украінская народная самаабарона», «Украінская паўстанцкая армія», «Трызуб ім. Сцяпана Бандэры» і «Братэрства».

Каб пазбегнуць папярэджання і не атрымаць штраф, Раскамнагляд раіць журналістам спраўджваць спіс экстрэмісцкіх арганізацыяў, апублікаваны на сайце Міністэрства юстыцыі Расеі.

Два папярэджанні Раскамнагляду за год з’яўляюцца падставай для звароту ў суд з з пазовам аб пазбаўленні СМІ ліцэнзіі.

МЯ, паводле bbc.co.uk

Стужка навінаў