Сёння – першы дзень збору подпісаў за прэтэндэнтаў у кандыдаты


Для рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты ініцыятыўным групам трэба сабраць не менш як 100 тысяч подпісаў.

Падпісвацца ў падтрыманне прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта маюць права асобы, што валодаюць выбарчым правам, – грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якім споўнілася 18 гадоў. Пры гэтым адзін чалавек можа падпісацца за некалькіх патэнцыяльных кандыдатаў.

Звесткі пра выбарнікаў уносяцца ў падпісныя лісты рукапісным спосабам – яны могуць запаўняцца як самімі выбарнікамі, так і членамі ініцыятыўных груп, якія збіраюць подпісы. Але выбарнік павінен уласнаручна распісацца і ўказаць у падпісным лісце дату подпісу.

Праводзіць збор подпісаў дазволена з 8.00 да 22.00.

Магчымасць выставіць пікет

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Збор подпісаў  можа праводзіцца ў форме пікетавання. Атрымліваць дазвол на арганізацыю пікета не патрабуецца, калі ён праводзіцца ў месцах, дазволеных мясцовымі ўладамі. Спіс месцаў, забароненых для збору подпісаў у форме пікетавання, вызначаны мясцовымі ўладамі.

У Менску, у параўнанні з прэзідэнцкімі выбарамі 2010 года, пералік забароненых месцаў дапоўніўся аб’ектамі чыгуначнага і паветранага транспарту, падземнымі пешаходнымі пераходамі, Прывакзальнай плошчай, а таксама плошчай Якуба Коласа і плошчай Дзяржаўнага сцяга.

Акрамя таго, перадвыбарныя пікеты нельга праводзіць на аб’ектах метрапалітэна, на тэрыторыі цэнтральных плошчаў (Кастрычніцкай, Незалежнасці і Перамогі), на адлегласці менш як 200 метраў ад будынкаў Адміністрацыі прэзідэнта, Нацыянальнага сходу, Савету міністраў, а таксама на адлегласці менш як 50 метраў ад будынкаў органаў дзяржкіравання і мясцовай улады, дыппрадстаўніцтваў і консульскіх устаноў, судоў, органаў пракуратуры і арганізацыяў, якія забяспечваюць абараназдольнасць і бяспеку дзяржавы.

За каго будуць збіраць подпісы?

[vc_single_image image=”3″ img_size=”large”]

Прайшлі рэгістрацыю ў ЦВК і збіраць подпісы будуць восем ініцыятыўных групаў:

Аляксандра Лукашэнкі – дзейнага кіраўнікі дзяржавы;

Сяргея Калякіна – старшыні Беларускай партыі левых «Справядлівы свет»;

Сяргея Гайдукевіча – старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі;

Таццяны Караткевіч – актывісткі кампаніі «Гавары праўду», прадстаўніка кааліцыі «Народны рэферэндум»;

Анатоля Лябедзькі – старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі;

Віктара Цярэшчанкі – эканаміста, экс-кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года;

Жанны Раманоўскай – выкладчыка з Брэста, якая часова не працуе;

Мікалая Улаховіча – старшыні Беларускай патрыятычнай партыі, вярхоўнага атамана РГА «Беларускае казацтва».

Самая шматлікая ініцыятыўная група – у Аляксандра Лукашэнкі (10,5 тыс. чалавек). Затым ідуць групы Сяргея Гайдукевіча (2,5 тыс. чалавек), Таццяны Караткевіч (больш за 1,9 тыс.), Сяргея Калякіна і Мікалая Улаховіча (прыкладна 1,5 тыс. у кожнай групе), Анатоля Лябедзькі і Віктара Цярэшчанкі (прыкладна тысяча чалавек). У ініцыятыўнай групе Жанны Раманоўскай, пра якую амаль нічога невядома, – 109 чалавек.

Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты працягнецца па 21 жніўня ўключна.

Пятыя выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прызначаны на 11 кастрычніка.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў