Сярод дзвюх тысячаў чальцоў тэрытарыяльных камісій – тры апазіцыянеры


Агулам кампанія «Права выбару» вылучыла 25 асобаў, якія спрабавалі стаць чальцамі тэрытарыяльных камісіяў. Прайшлі толькі тры, іншым адмовілі без тлумачэння прычынаў. Сфармавана 153 камісіі, якія налічваюць амаль дзве тысячы чальцоў.

«У абсалютнай большасці выпадкаў пры фармаванні камісій адмовы ва ўключэнні прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў ніякім чынам не матываваліся, пасяджэнні органаў, што фармуюць камісіі, адбываліся без абмеркавання вылучаных кандыдатураў, а праз зацвярджэнне загадзя падрыхтаваных спісаў», – паведамляюць у кампаніі «права выбару».

Прадстаўнікі Партыі БНФ Кастусь Смолікаў і Зміцер Каспяровіч увайшлі адпаведна ў Віцебскую абласную і Менскую гарадскую камісіі, прадстаўніца БСДП (Грамада) Надзея Шомчанка ўвайшла ў склад Заводскай раённай выбарчай камісіі ў Менску.

«Прадстаўнікі апазіцыйных партый толькі ў адзінкавых выпадках былі ўключаныя ў склад камісіяў, пры гэтым заявы ад лаяльных уладам партый і грамадскіх аб’яднанняў былі ў большасці выпадкаў задаволеныя, – адзначаюць каардынатары кампаніі. – Створаныя тэрытарыяльныя камісіі ў абсалютнай большасці выпадкаў будуць працаваць без удзелу прадстаўнікоў апазіцыйных палітычных партый, а прадстаўнікі партый і грамадскіх аб’яднанняў, якія падтрымліваюць дзейную ўладу, атрымалі абсалютную большасць у складзе камісій».

У кампанію па назіранні за выбарамі «Права выбару – 2015» уваходзяць восем арганізацыяў: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», кампанія «Гавары праўду», рух «За Свабоду», Партыя БНФ, Беларуская партыя «Зялёныя», незалежны прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасці, аргкамітэт Партыі свабоды і прагрэсу. Галоўнай мэтай кампаніі з’яўляецца абарона сапраўднага волевыяўлення грамадзянаў праз перадухіленне парушэнняў заканадаўства на ўсіх стадыях выбарчай кампаніі, фіксацыю парушэнняў і аператыўнае рэагаванне на іх.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў