Сяргей Чалы: будучыя пенсіянеры праз 20 гадоў нічога не атрымаюць

video

Фота – 7dniv.info

Фінансавая ўстойлівасць і годныя пенсіі. Гэткія абяцанні на найбліжэйшыя пяць гадоў агучыла Міністэрства працы Беларусі. Але чаго нам чакаць далей? Чарговага павышэння пенсійнага ўзросту не пазбегнуць, мяркуюць адмыслоўцы.

«Калі гэты перыяд скончыцца, то бок гэтыя 6 гадоў, калі пенсійны ўзрост будзе падвышацца, нам зноўку давядзецца вяртацца да гэтага пытання, паколькі дэмаграфічная сітуацыя будзе пастаянна пагаршацца. То бок у нас усё меней будзе людзей працаздольных і ўсё болей тых, хто будзе на пенсіі», – тлумачыць Кацярына Барнукова, старэйшая навуковая працаўніца «BEROC».

Сёлетняе павышэнне пенсійнага ўзросту ў Беларусі, паводле экспертаў, выратуе сітуацыю хіба толькі на найбліжэйшыя 10-15 гадоў. Улічваючы той факт, што насельніцтва Беларусі сталее штогоду, уладам неабходна падумаць пра ўвядзенне назапашвальнае сістэмы і стварэнне незалежнага пенсійнага фонду. Але гэткія крокі, на думку адмыслоўцаў, сёння немагчымыя.

«Пры сённяшняй інфляцыі вельмі цяжка будзе кагосьці абавязаць накапліваць нешта ў беларускіх рублях, а рабіць гэта пры курсе на »дэдаларызацыю« будзе дастаткова дзіўна. У першую чаргу нам трэба нармалізаваць макраэканамічную стабільнасць і давер насельніцтва да банкаўскай сістэмы», – дадае Кацярына Барнукова.

Эксперты ж называюць і іншыя прычыны, з якіх рэфармаванне пенсійнай сістэмы ў бліжэйшым будучым проста неабходнае. Ужо ў 2028 годзе большасць айчынных прадпрыемстваў не зможа зарабляць грошай, а сродкі ад іх прыватызацыі беларусы наўрад ці змогуць пабачыць, мяркуе эканаміст Сяргей Чалы. А таму і праз пару дзясяткаў гадоў чакаць годнай пенсіі беларусам не выпадае.

«Практычна ўсё, што маладзей за мяне, то бок ад 1970-га года нараджэння, фактычна нічога не атрымае. Там будуць фармальна нейкія сродкі, але іх хопіць на пару-тройку паходаў у краму. То бок жыць на іх фактычна будзе немагчыма», – упэўнены Сяргей Чалы.

Эксперты прапаноўваюць іншае выйсце – выдаткоўваць грошы для неабароненых слаёў насельніцтва праз звальненне дзвюх трацінаў чыноўнікаў ды ўвядзенне пазнейшага выхаду на пенсію вайскоўцаў і сілавікоў.

У красавіку кіраўнік Беларусі падпісаў указ, згодна з якім пенсійны ўзрост у краіне павышаецца на тры гады. Ужо з наступнага года пенсійны ўзрост павысіцца на 6 месяцаў штогоду. Такім чынам, ужо ў 2022 годзе мужчыны будуць выходзіць на заслужаны адпачынак у 63 гады, жанчыны – у 58.

Віталь Бабін, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары