Стала вядома, калі на БелАЭС даставяць другі энергаблок


Ужо ў верасні ў Беларусь з Расеі даставяць другі энергаблок. Пра гэта паведаміў намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк.

Ён адзначыў, што да канца года пачнецца яго мантаж.

На першым энергаблоку корпус рэактара і ўсе чатыры парагенератары ўжо змантаваныя. Завяршылася зварка галоўнага цыркуляцыйнага трубаправода першага энергаблока.

Міхадзюк таксама паведаміў, што ў будаўніцтва Беларускай АЭС ужо ўкладзена каля $ 2,7 млрд. Расейскі бок таксама прадставіў Беларусі дзяржаўны экспартны крэдыт да $ 10 млрд для фінансавання 90 % кошту кантрактаў па будаўніцтве АЭС.

«Росатом» плануе цалкам запусціць БелАЭС улетку 2020 года.

Беларуская АЭС будуецца на Астравеччыне, у 50 кіламетрах ад Вільні. Магутнасць кожнага энергаблоку – 1200 МВт.

Нягледзячы на пратэсты і дыпламатычныя ноты ад Літвы будаўніцтва спрэчнага абʼекту працягваецца. Афіцыйныя Вільня і Варшава ўжо дамовіліся не купляць электраэнергію з Беларускай АЭС. Улады гэтых краін сумняюцца ў бяспечнасці абʼекту. Вядома, што пры будаўніцтве атамнай электрастанцыі ўвесь час даходзіць да інцыдэнтаў, а інфармацыя пра гэта заўсёды дасягае да грамадскасці са скандальным спазненнем.

Гэтак улетку 2016 года будаўнікі пашкодзілі корпус рэактара, а ў снежні ўжо новы корпус зачапіў пры транспартаванні чыгуначны слуп. Таксама на мінулым тыдні зʼявілася неафіцыйная інфармацыя пра тое, што на абʼекце загінулі два зваршчыкі.

Пытаннем № 1 таксама застаецца экалагічная бяспека праекту: у прыватнасці, якія планы ўлады і ядравікі маюць адносна радыеактыўных адкідаў станцыі. Нядаўна стала вядома, што на тэрыторыі нашай краіны створаць палігон магільнікаў і там закапаюць радыеактыўныя адкіды.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары