Што дзяржаўныя тэлеканалы распавялі пра «справу БелТА»


Ператрус у Таццяны Карваянковай. Скрыншот ctv.by

У эфіры дзяржаўных тэлеканалаў «Беларусь-1», АНТ і СТБ паказалі сюжэты пра затрыманні і ператрусы ў рэдактароў і журналістаў TUT.BY і БелаПАН. Іх (пакуль проста падазраваных) прапагандысты фактычна прызналі вінаватымі ў «крадзяжы інфармацыі».

20.30 У эфіры – праграма «Наши новости» на АНТ. На кадрах аператыўнай здымкі бачна: сілавікі, якія прыйшлі ў кватэры і рэдакцыі, былі ў цывільным. Дыктар адзначае, што следчыя «гаварылі з кіраўніцтвам мас-медыяў сам-насам» і «пытанні да іх былі сур’ёзныя». Тэлеканал таксама транслюе ўжо вядомы аудыёзапіс размовы галоўнай рэдактаркі TUT.BY Марыны Золатавай з калегай Ганнай Калтыгінай.

АНТ спасылаецца на словы заснавальніка TUT.BY Юрыя Зісера: маўляў, гэта справа супраць асобных працаўнікоў, а не супраць парталу. Гендырэктарка БелТА Ірына Акуловіч, з чыей падачы была распачатая крымінальная справа, абвінаваціла калегаў з недзяржаўных медыяў у «крадзяжы інфармацыі».

21.00 У перадачы «Панарама» у эфіры тэлеканала «Беларусь-1» сцвярджаюць: праверку па справе праводзіла МУС. У падводцы да сюжэту дыктарка адзначае, што «несанкцыянаваны доступ» да навінаў па падпісцы атрымлівалі толькі некаторыя службовыя асобы TUT.BY і БелаПАН. Гэтую нібыта каштоўную інфармацыю, паводле БТ, журналісты БелТА «здабывалі ў палях». А потым на экране ўвогуле зʼявіліся кадры з савецкага тэлебачання ад 1963 года. «Трое суток шагать, трое суток не спать ради нескольких строчек в газете», – спяваюць у старым кінаканцэрце. Затым журналіст БТ кажа: затрыманым сёння журналістам давядзецца «наступіць на горла ўласным песням».

скрыншот tvr.by

Таксама дэманструецца запіс тэлефоннай размовы, які сілавікі перадалі дзяржаўным каналам. Аўтар сюжэту ўпэўнена сцвярджае: гэты запіс «расстаўляе ўсе кропкі над «і» у рэзананснай справе».

Відэашэраг – аператыўная здымка, мяркуючы па ўсім, падчас ператрусу ў кватэры Золатавай. Прапагандыст БТ кажа: «Хто і як гэтым займаўся – справа другая, сам факт абурае».

«Зацікаўленыя асобы адразу і з задавальненнем пацягнулі прэцэдэнт у палітычную плоскаць», – дадае БТ.

Дарэчы, аўтараў у гэтага сюжэту ажно чацвёра: Аляксей Марціцёнак. Глеб Лаўроў, Анастасія Бенедзісюк і Аляксей Волкаў.

Лукашэнка сустрэўся з дзяржаўнымі СМІ: самае важнае

Раней у эфіры «Сталічнага тэлебачання» таксама выйшаў сюжэт пра сённяшнія падзеі. У кадрах, якія дэманструе СТВ бачна: да журналісткі TUT.BY Тацяны Каравянковай прыйшлі ў прыватны дом, буйным планам паказваюць ейнае журналісцкае пасведчанне. І транслюецца запіс той жа тэлефоннай размовы паміж Золатавай і Калтыгінай.

скрыншот ctv.by

Ключавыя моманты «справы БелТА» па стане на вечар 7 жніўня:

  • Затрыманыя 8 журналістаў і рэдактараў TUT.BY і БелаПАН: Тацяна Каравянкова, Андрэй Серада, Ганна Калтыгіна, Ульяна Бабаед, Марына Золатава, Галіна Уласік, Дзмітрый Бобрык, Ганна Ермачонак;
  • Імаверна, трое з іх цяпер у ЦІП на Акрэсціна;
  • Увечары адну з рэдактарак TUT.BY Ульяну Бабаед і выпускаючага рэдактара “БелаПАН” Андрэя Сераду адпусцілі дадому;
  • СК распачаў крымінальную справу паводле арт. 349 КК, журналістаў падазраюць у «незаконным доступе» да платнай падпіскі БелТА;
  • БАЖ і праваабаронцы асудзілі пераслед журналістаў і заклікалі неадкладна ўсіх вызваліць;
  • МЗС Беларусі не бачыць у гэтай справе палітычнага складніку;
  • Еўразвяз выказаў заклапочанасць з нагоды арыштаў.

Каця Андрэева, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары