Лукашэнка сустрэўся з дзяржаўнымі СМІ: самае важнае


Фота прэс-службы прэзідэнта

Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з кіраўнікамі і журналістамі дзяржаўных медыяў у студыі Белтэлерадыёкампаніі. Belsat.eu сабраў усе важныя выказванні Лукашэнкі ў гэтым тэкставым онлайне.

14.15 Пра піяр

«Па вялікім рахунку, я не прыхільнік піяру. Піяр – гэта перабольшана, падобна да няпраўды. Лепш праўду скажы, як ёсць. Або маўчы наагул. Таму ў маёй працы піяру амаль няма», – сказаў Лукашэнка.

13.30 Пра «замежных агентаў»: «Калі прыйдзе час – я з імі разбяруся на працягу сутак»

Палітычны аглядальнік Белтэлерадыёкампаніі Глеб Лаўроў прапанаваў увесці ў беларускае заканадаўства панятак замежнай інфармацыйнай прысутнасці і замежных агентаў:

«Давайце такія СМІ, перш за ўсё – інтэрнэт-парталы, хоць бы прамаркіруем. Бо ўсе лічбы адкрыты: вядома, колькі вылучаюць палякі, колькі англічане, а колькі шведы на фінансаванне тых ці іншых праектаў за межамі сваіх краін», – сказаў Лаўроў.

Глеб Лаўроў, фота tvr.by

Лукашэнка адказаў, што спяшацца не варта.

«Калі мы гаворым пра інфаагентаў, мы павінны перш за ўсё стварыць адзіныя крытэры для вызначэння такіх… Але адразу паўстае пытанне, як жа мы будзем рэалізоўваць на практыцы гэтае рашэнне? Ці не ўскладніць гэта нашы адносіны з Расеяй, чые СМІ часам пра нашу краіну паказваюць незразумела што? Бо біркі прыйдзецца вешаць не выбарачна, а на ўсіх, хто падпадзе пад адпаведныя крытэры. Не трэба забываць і таго, што да заходніх інаагентаў у нашага народа імунітэт прышчэплены. А да ўсходніх?»

На заўвагу Лаўрова аб тым, што гаворка ідзе перш за ўсё аб інтэрнэт-рэсурсах, Аляксандр Лукашэнка заклікаў глядзець на праблему шырэй:

«Калі прыйдзе час, наступіць такая неабходнасць – я з гэтымі інаагентамі разбяруся на працягу сутак. Пакуль жа галоўнае – прышчапіць імунітэт ад нядобрасумленнай інфармацыі».

12. 50 Пра тэлебачанне

«Самым жорсткім чынам патрабую: зрабіце тэлебачанне лепш. Каб карцінка была і падача матэрыялу. Каб журналіст сказаў два сказы і каб у кропку. Я хачу глядзець толькі свае каналы. Я занадта нацыяналістычны ў гэтым плане»

12.09 Пра «святых» журналістаў

«Не дзеля ліслівасці скажу: мае журналісты – святыя людзі. У іх яшчэ цепліцца, не гледзячы на тое, што свет ашалеў, шчырасць, дабрыня, і праўдзівасць. Амаль да справядлівасці блізка. Гэта якасць, якую я цаню ў любым калектыве, у любым чалавеку».

фота sb.by

12.01

25 сакавіка не будзе дзяржаўным святам, пакуль Лукашэнка кіруе Беларуссю

11.56 Пра Курапаты: «Час скончваць валтузню на касцях».

Адказваючы на пытанне ад грамадзяніна, якое паступіла яму напярэдадні, Лукашэнка сказаў:

«Час скончваць гэтую валтузню на касцях. Вы зацягнулі прадстаўленне прэзідэнту макета гэтага ўрочышча. Пакладзіце мне на стол дакументы, каб я мог зацвердзіць і мы стварылі там месца для душы. Трэба больш аператыўна скончыць гэта, прывесці ў парадак гэты лес, урочышча, паставіць самы просты помнік, ці капліцу, ці яшчэ штосьці – мы прымем рашэнне. Каб чалавек, які спачувае сем’ям і пакутуе, што загінулі людзі, прыйшоў туды, прынёс кветкі».

11.55 Новыя «дармаеды» будуць аплочваць паслугі аховы здароўя і ЖКГ.

«Хіба нармальна, калі паўмільёна чалавек невядома чым займаюцца? Боўтаюцца, а за наш кошт атрымалі адукацыю, лякуюцца, карыстаюцца паслугамі ЖКГ, іхныя дзеці ходзяць у садкі, школы. Мы ж за іх плацім. А колькі з гэтых людзей здзяйсняюць злачынствы, і мы яшчэ велізарныя грошы выдаткоўваем на іх утрыманне ў турме».

Пра Дэкрэт №1:

«Асноўная сутнасць Дэкрэта №1 у тым, каб людзі працавалі і аплачвалі прадстаўленыя дзяржавай паслугі, у тым ліку аховы здароўя, ЖКГ».

11. 30

Лукашэнка пра змены ў Канстытуцыю: частка функцый прэзідэнта павінна перайсці да іншых галінаў улады

фота sb.by

11.25 Лукашэнка: «Сродкі масавай інфармацыі адным ударам могуць падмяць так, што становіцца страшна».

«Што мы сёння маем? Аказваецца, сродкі масавай інфармацыі ператварыліся ў зброю. І гэта зброя магутнейшая за ядравую. Таму, што малы зарад у выглядзе нейкай навіны імгненна ахоплівае ўсю планету. І па сіле ўздзеяння, забойнага ўздзеяння, не факт, што ядравая зброя больш магутная. Вось вам і дэмакратыя, і свабода слова.

Каментуючы змены ў Закон аб СМІ ён сказаў, што задача новага закону – «абараніць людзей ад дэструктыўнай інфармацыі».

11.15 Сустрэча пачалася. Лукашэнка:

«Не ведаю, як у вас, але ў мяне шалёная настальгія. Даўно я ў вас не быў. У былыя часы я вельмі часта бываў тут. Напэўна, гэта добрае пачуццё. Таму давайце дамовімся, што я не на прэс-канферэнцыю прыйшоў, а ў нас тут адбудзецца сумленная і адкрытая размова. Мы ўсе робім адну справу. Таму для мяне вельмі важна, каб адбылася шчырая размова. вы ж не толькі журналісты, але вы – грамадзяне. Свядомыя, адукаваныя, інфармаваныя грамадзяне Беларусі».

Паводле яго словаў, падставай для сённяшняга мерапрыемства стаў пачатак новага этапу ў дзейнасці дзяржСМІ.

«Далей працаваць па-старому нельга. Я не хачу сказаць, што там усё было дрэнна. Без таго дрэннага і добрага не было б новага этапу», – сказаў Лукашэнка.

КА, belsat.eu, паводле belta.by/sb.by/tvr.by

 

 

Глядзі таксама
Каментары