Сейм Польшчы прызнаў Валынскую разню генацыдам


Фота sejm.gov.pl

Сейм Польшчы прыняў рэзалюцыю ў справе ўшанавання памяці ахвяр генацыду, здзейсненага ўкраінскімі нацыяналістамі на грамадзянах Польшчы ў 1939-1945 гадах.

Рэзалюцыя вызначае 11 ліпеня Днём памяці пра палякаў, ахвяр генацыду, здзейсненага АУН-УПА на былой польскай тэрыторыі. У дакуменце гаворыцца, што арганізаваны і масавы характар Валынскай разні мае характар этнічнай чысткі і генацыду. Тэкст ушаноўвае памяць ахвяр.

У дакуменце таксама змешчаныя словы падзякі жаўнерам Арміі Краёвай, Самаабароне Літвы і Беларусі ды Сялянскім батальёнам, якія абаранялі палякаў, а таксама тым украінцам, якія рызыкавалі жыццём дзеля ратавання польскіх суседзяў. Аўтары рэзалюцыі заклікалі правесці годнае пахаванне і ўшанаванне ўсіх ахвяр разні.

Паводле падлікаў Інстытуту нацыянальнай памяці, у 1943-1945 гадах на Валыні, ва ўсходняй Малапольшчы і на Любліншчыне загінула каля 100 тысяч грамадзянаў ІІ Рэчы Паспалітай.

Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка лічыць, што рашэнне польскага Сейму можа выкарыстоўвацца для палітычных спекуляцыяў. Пра гэта ўкраінскі прэзідэнт напісаў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку».

«Аднак, мы павінныя вярнуцца да запаведзі Яна Паўла II – даруем і просім прабачэння. Толькі сумеснымі крокамі мы зможам прыйсці да хрысціянскага прымірэння і яднання. Толькі разам зможам высветліць усе факты трагічных старонак сумеснай гісторыі», – адзначыў прэзідэнт Украіны.

МЯ, паводле radyjo.net

Глядзі таксама
Каментары