Самыя ўрадлівыя глебы Беларусі «пасыпаныя» Чарнобылем, астатнія – «хіміяй». Дзе знайсці чыстую ежу?


Чаму ўраджай з беларускіх палёў перастаў быць чыстым яшчэ ў 90-ых, а каб атрымаць экалагічную гародніну, не трэба праполваць градкі? Гэтыя ды іншыя пытанні гучалі падчас Агра-культурнага фэсту, што прайшоў на гэтых выходных у Менску.

Як «разнарадкі» псуюць беларускую сельскагаспадарчую прадукцыю

На думку старшыні грамадскай арганізацыі «Экадом» (аднаго з арганізатараў фэсту) Ірыны Сухій, беларуская сельскагаспадарчая прадукцыя ўжо даўно не такая «чыстая», як мы працягваем верыць.

«Быў перыяд, калі разваліўся Савецкі Саюз, не ставала сродкаў, і тады сталі нашмат менш уносіць угнаенняў у глебу. Таму ў 90-ых гадах сапраўды ў беларускай прадукцыі было мала пестыцыдаў, гербіцыдаў ды іншай хіміі», – кажа экспертка.

Але цяпер, паводле спадарыні Ірыны, нашыя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, каб дасягнуць ураджайнасці, шчодра пасыпаюць палі хімікатамі. Каб атрымаць неабходны ўраджай, шмат дзе ў Беларусі прыкладаюць надзвычайныя высілкі.

«На жаль, нашыя самыя лепшыя, самыя ўрадлівыя глебы «пасыпаныя» Чарнобылем. А чыстыя – гэта так званыя зоны рызыкоўнага земляробства, бо глебы там не вельмі ўрадлівыя, клімат таксама часта неспрыяльны. І таму на дапамогу бяруць «хімію», – тлумачыць Ірына Сухій.

[vc_single_image image=”368174″ img_size=”large”]

Больш за тое, выкарыстанне глебавых і кліматычных рэсурсаў у нас шмат дзе ўпарта ідзе насуперак прыродзе, лічыць адмысловец.

«Напрыклад, навошта вырошчваць тыя ж кавуны на поўначы Беларусі? – задаецца пытаннем Ірына Сухій. – Ці кукурузу? Я маю дом у паўночна-заходнім рэгіёне Беларусі. І кожны год назіраю, як там садзяць кукурузу, а вырастае яна маленечкай. Дык навошта траціць штогод сродкі на гэтыя бессэнсоўныя спробы?»

Праблема выцякае з «разнарадак», падкрэслівае старшыня «Экадому». Маўляў, раён мусіць вырасціць столькі і столькі гектараў той жа кукурузы ці іншай культуры. А як не расце, трэба шчодра ўгнаіць якім-небудзь чарговым дасягненнем айчыннай хіміі.

[vc_single_image image=”368173″ img_size=”large”]

Эксперт з Аўстраліі: Не трэба праполваць агарод да стэрыльнага стану

Дэвід Браўн, спецыяліст па пермакультуры з Аўстраліі, распавядаў гасцям фэсту, чаму сёння варта рабіць агародзікі нават гарадскім жыхарам, і як найлепш даглядаць свой ураджай.

Пермакультура – ад ангельскіх словаў permanent – сталы, і agriculture – агракультура. Гэтую з’яву, якая набывае ўсё большую папулярнасць па ўсім свеце, можна растлумачыць як устойлівае земляробства, накіраванае на сталы эфект, пастаяннае атрыманне якаснага ўраджаю ў гармоніі з наваколлем.

Спадар Браўн пераконваў, што мае сэнс самастойна вырошчваць гародніну, асабліва, калі ў супермаркетах натуральную прадукцыю амаль не знайсці, а ў горадзе і без ежы хапае крыніцаў забруджвання. Дапамагчы гараджанам атрымаць найбольш экалагічны ўраджай могуць кантэйнерныя градкі. Такі гарадскі гародзік у Менску зладзілі ва ўнутраным дворыку «Галерэі «Ў». Расліны там вырошчваюць у адмысловых кантэйнерах у зямлі, прывезенай з чыстых мясцінаў. Гарадская зямля ні ў якім разе не падыходзіць да экалагічнага земляробства, бо занадта брудная.

Градкі, як кантэйнерныя, гэтак і звычайныя, можна не праполваць. Паводле спадара Браўна, расліны нават так лепш пачуваюцца, чым у стэрыльна праполатым агародзе. Бо ў натуральным асяродку расліны жывуць у «карысным суседстве». Яны камунікуюць адно з адным. У выпадку небяспекі разам рэагуюць на яе, прывабліваюць пчол, карысных насякомых, якія знішчаюць шкоднікаў. Ва ўсім мусіць быць мера. Але нават вялікае сурёзнае пустазелле Дэвід Браўн рэкамендуе не знішчаць цалкам, выкарыстоўваючы хімію, а абразаць пад корань.

Менавіта дзякуючы такому карыснаму суседству, для добрага ўраджаю лепш разам вырошчваць розныя культуры. Тады нашмат лягчэй абысціся без «хіміі». А вось палі з монакультурамі пазбаўленыя натуральнага сімбіёзу з іншымі раслінамі, таму іх цяжка даглядаць без адмысловых сродкаў барацьбы са шкоднікамі.

На фэсце ахвотныя маглі замовіць і набыць экалагічную сельскагаспадарчую прадукцыю ў беларускіх фермераў. Ірына Сухій пашкадавала, што пакуль у Беларусі такіх фермераў нават не дзясяткі, а адзінкі. Хоць у той жа час апытанні грамадскіх экалагічных арганізацыяў паказваюць, што беларусы хочуць набываць чыстую прадукцыю і нават гатовыя плаціць за яе больш.

Данута Бароўская, belsat.eu

Стужка навінаў