«Россия 24» расказала пра Пуціна навіну з будучыні


Расейскі тэлеканал «Россия 24» паведаміў у прамым эфіры ў пятніцу, 13 сакавіка, што прэзідэнты Расеі і Кыргызстану Уладзімір Пуцін і Алмазбек Атамбаеў ужо сустрэліся ў Санкт-Пецярбургу, пры гэтым самі перамовы запланаваны на панядзелак, 16 сакавіка.

«Прэс-служба Крамля таксама паведамляе, што ў панядзелак Уладзімір Пуцін сустрэўся з прэзідэнтам Кыргызстану Алмазбекам Атамбаевым. На парадку былі пытанні супрацы ў гандлёва-інвестыцыйных і гуманітарных вобласцях, а таксама ў сферы энергетыкі. Гаворка ішла таксама аб далучэнні Кыргызстану да Еўразійскага эканамічнага саюзу», – такое паведамленне зачытала вядоўца.

На выхад сюжэту звярнулі ўвагу расейскія журналісты, у прыватнасці, карэспандэнт радыё «Эхо Москвы» Уладзімір Варфаламееў, які размясціў відэа ў сваім «Фэйсбуку».

Як тлумачыць Бі-бі-сі, прыводзячы дадзеныя ўласнага маніторынгу, у такім выглядзе навіна выходзіла ў эфір двойчы: а 13:00 і а 14:00 паводле маскоўскага часу. Тэлеканал патлумачыў пазней выхад сюжэту памылкай.

Уладзімір Пуцін з 6 сакавіка не з’яўляецца на публіцы. У пятніцу, 13 лютага, на афіцыйным партале расейскага прэзідэнта з’явіліся фоты і відэа сустрэчы Пуціна і старшыні Вярхоўнага суда Вячаслава Лебедзева ў Нова-Агарове. Высветлілася, што навіна была праілюстраваная архіўнымі здымкамі.

13 сакавіка былі афіцыйна зняпраўджаны чуткі пра нараджэнне былой гімнасткай Алінай Кабаевай дзіцяці Пуціна.

Прэс-сакратар кіраўніка Крамля не раз запэўніваў журналістаў, што ён пачуваецца добра і напружана працуе.

>>> Хто зойме месца Пуціна?

МЯ, паводле tvrain.ru

Глядзі таксама
Каментары