Рэктар, які выганяў гісторыкаў з Гарадзенскага ўніверсітэту, узначаліў БДУ


Да гэтага часу 45-гадовы Кароль кіраваў Гарадзенскім універсітэтам. Фота – GrodnoNews

28 верасня Лукашэнка назначыў чатырох новых рэктараў – у БДУ, БНТУ, Магілёўскага дзяржаўнага і Магілёўскага ўніверсітэту харчавання.

На пасаду рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту прызначаны доктар педагагічных навук Андрэй Кароль, падае прэсавая служба кіраўніка дзяржавы.

«Менавіта ён выганяў з вучэльні гісторыкаў, у прыватнасці – прафесара Вячаслава Шведа. Калі кваліфікацыйная камісія рэкамендавала працягнуць з ім кантракт, рада ўніверсітэту чамусьці прагаласавала супраць. Калі прафесар папрасіў паказаць вынікі галасавання, Кароль адмовіўся гэта зрабіць. Ён – служка рэжыму», – кажа гісторык Алесь Краўцэвіч, першы прарэктар Гарадзенскага ўніверсітэту (у 1994–1995-м гадах).

Сёння Лукашэнка ўзгадніў таксама на пасадах рэктараў Дзяніса Дука (Магілёўскі ўніверсітэт), Максіма Кіркара (Магілёўскі ўніверсітэт харчавання) і Сяргея Харытончыка (Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт). Апошні дагэтуль кіраваў у БНТУ вучэбнай працай.

Кандыдат тэхнічных навук Максім Кіркар кіраваў кафедраў прыкладной механікі і інжынернай графікі МДУХ, чытае курсы па «Прыкладной механіцы», «Супраціву матэрыялаў» і «Механікі матэрыялаў».

Доктар гістарычных навук Дзяніс Дук – вядомы археолаг, даследуе Полацк і тэрыторыі былой Полацкай зямлі; Да гэтага часу працаваў на пасадзе прарэктара па вучэбнай рабоце Полацкага ўніверсітэту, кіраваў падрыхтоўкай аспірантаў. У жыцці размаўляе па-беларуску. Сёлета атрымаў медаль Францішка Скарыны.

ДД

Глядзі таксама
Каментары