Размеркаванне-2017. Фіктыўныя шлюбы, фіктыўная праца, фіктыўная рэчаіснасць


Пасля вясновых пратэстаў супраць дэкрэту аб дармаедах, дзяржава намагалася працаўладкаваць як можна большую колькасць беспрацоўных. У гэты ж час, увесну на рынку працы пачалі шукаць сабе месцы выпускнікі. Дзяржава загадала ўніверсітэтам уладкаваць стоадсоткава і іх. Як вынік, пагрозы і ціск на студэнтаў і выкладчыкаў, фіктыўныя шлюбы і працоўныя месцы, і магістратура як надзея на тое, што потым будзе лепш.

На што ідуць, каб пазбегнуць «высылкі»

Ксенія, выпускніца Інстытуту журналістыкі БДУ выйшла замуж за свайго сябра па дамоўленасці. Задоўга да размеркавання яна працавала журналісткай у Менску і на апошнім курсе стварыла сваю агенцыю, дзе і хацела заставацца і развіваць справу далей. Але ў дэканата былі іншыя планы, і Ксенію размеркавалі ў Горадню.

«На папярэднім размеркаванні мне казалі, што прымуць маю заяўку. Але ў выніку, дэканат чамусьці адмовіўся і канчаткова размеркаваў мяне ў рэгіён. Нашто мне ехаць у рэгіён, калі ў мяне тут свая справа і праца? У мяне была дамоўленасць з сябрам, і мы ажаніліся. Мне выдалі дыплом без накіравання, і я чакаю на даведку аб вольным працаўладкаванні» – кажа Ксенія.

З 20 асобаў групы Ксеніі чацвёра пабраліся фіктыўным шлюбам, каб атрымаць пазбегнуць праблемаў пры размеркаванні.

«У дэканаце на сустрэчах нам адразу сказалі: калі выходзіце замуж або ажэніцеся, то пры размеркаванні атрымаеце свабодны дыплом», – кажа дзяўчына.

У сацыяльных сетках да студэнтаў звяртаюцца фірмы, якія прапаноўваюць фіктыўныя шлюбы, а таксама фіктыўныя працоўныя месцы, дзе можна лічыцца, але не працаваць, і не атрымоўваць грошы, але плаціць за гэта. Фантазія і фікцыя, – і ўніверсітэт адпусціць цябе з мірам і здасць справаздачу ў міністэрства адукацыі, бо гэта – галоўны клопат.

Працу студэнтам шукаюць выкладчыкі

Міністэрства адукацыі афіцыйным пісьмом абавязала ўніверсітэты размеркаваць сто адсоткаў выпускнікоў-бюджэтнікаў. Сітуацыя дзіўная, бо ўніверсітэт не можа стварыць працоўных месцаў і ніякім чынам не датычны да рынку працы. Універсітэт – навучальная ўстанова, якая рыхтуе спецыялістаў.

«Але атрымліваецца, што рэктар універсітэту нясе адказнасць перад міністэрствам адукацыі за гэтыя 100 адсоткаў размеркаваных, і ён, канешне, спускае гэты абавязак на дэканаў факультэтаў, і далей, – кажа Дзмітрый Варнашоў, эксперт студэнцкай праграмы «БАСС Размеркаванне», што займаецца кансультацыяй і дапамогай выпускнікам і маладым спецыялістам. Даходзіць да такога абсурду, што, напрыклад, у Гомельскім універсітэце імя Сухога за кожным выкладчыкам замацавалі нейкую колькасць студэнтаў, якім патрэбна знайсці працу».

І выкладчыкі ходзяць па заводах, шукаюць месцы. З той прычыны, што калі будзе выдадзена вялікая колькасць свабодных дыпломаў, гэта будзе азначаць, што спецыяльнасць не мае попыту. Суадносна скароціцца набор, гадзіны і заробак выкладчыка.

Іншы папулярны трэнд – ісці ў магістратуру, але не з уласнага жадання навуковай кар’еры, а дзеля адцягвання моманту, калі прыйдзецца шукаць працу.

Пры размеркаванні ў наступным годзе магістранты будуць мець першае права выбіраць сабе месца.

Сёлета ў Беларусі падвоены выпуск маладых спецыялістаў па некаторых спецыяльнасцях, якія перайшлі на 4-хгадовае навучанне ў 2013 годзе і выпускаюцца разам з папярэднім пяцігадовым курсам.

«Калі ўлічваць досвед апошніх гадоў, калі заявак на размеркаванне хапае толькі медыкам, настаўнікам і сельскагаспадарчым працаўнікам, гэта падвоеная нагрузка на магчымасці размеркавання», – кажа Дзмітрый Варнашоў. 

Дзмітрый Варнашоў, эксперт Братэрства арганізатараў студэнцкага самакіравання (БАСС)

«БАСС» займаліся маніторынгам размеркавання і аналітыкай інфармацыі, што паступае да іх ад студэнтаў на гарачую лінію цягам цэлага навучальнага году, а таксама правялі апытанку сярод выпускнікоў розных ВНУ. Амаль 60% апытаных прынеслі заяўкі ад працадаўцамі самі, а з тых, каго размяркоўваў універсітэт, 33% лічаць, што іх размеркавалі не па спецыяльнасці.

Не прынясеш заяўку – не атрымаеш дыплом

Адміністрацыйны ціск на ўніверсітэты пераўтвараецца ў сценах навучальных установаў у жах для студэнтаў. Напрыклад, пагражаюць не дапусціць да дзяржаўных экзаменаў, калі студэнт не знойдзе працу па размеркаванні, або наагул, не выдаць дыплом. Логіка простая – экзамен не здаў, дыплом выдаваць не трэба, няма праблемы.

Па дадзеных апытанкі «БАСС» з падобным ціскам сустракаліся 11 адсоткаў рэспандэнтаў.

Абысці міжнародныя абавязкі па-беларуску

У 2015 годзе Беларусь стала ўдзельнікам Балонскага працэсу і прыняла на сябе абавязкі змяніць дзяржаўную сістэму адукацыі згодна з еўрапейскімі нормамі. Адной з умоваў, у тым ліку, была адмена прымусовага размеркавання да канца 2016 году. Пакінуць яго можна было б толькі для тых спецыяльнасцяў, дзе назіраецца асаблівы дэфіцыт спецыялістаў. Беларусь цалкам праігнаравала гэтае патрабаванне.

Хрысціна Мурашова, кіраўніца праграмы «БАСС Размеркаванне» лічыць, што патрабаванне стоадсоткавага размеркавання ад міністэрства адукацыі стане апраўданнем для Беларусі за невыкананне міжнародных абавязкаў.

«Гэта вельмі добры аргумент, паказаць справаздачу на канферэнцыі, дзе будзе напісана, што інстытут размеркавання ў нас працуе эфектыўна і не трэба нічога адмяняць. Няхай нават не 100%, а меней, але гэта вельмі добры спосаб апраўдацца і сказаць, што мы нічога не змянілі толькі з той прычыны, што ўсё працуе», – кажа Хрысціна Мурашова.

Вераніка Уладзімірава, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары