Рада Бяспекі ААН не змагла прыняць унесены Францыяй праект рэзалюцыі па Сірыі праз вета з боку Расеі. Рада Бяспекі адхіліла таксама і праект, які ўнесла Масква.
Спроба прыняць унесены Францыяй праект рэзалюцыі Рады Бяспекі ААН па сітуацыі ў Алепа ў суботу, 8 кастрычніка, правалілася. Супраць рэзалюцыі прагаласавалі Расея, якая зʼяўляецца адным з пяці пастаянных чальцоў Рады Бяспекі ААН і мае права вета, і Венесуэла. Яшчэ дзве краіны-чальцы Рады Бяспекі – Ангола і Кітай – устрымаліся пры галасаванні. За рэзалюцыю прагаласавалі 11 краін-чальцоў Рады Бяспекі.
Перад галасаваннем падтрымаць прапанаваны Францыяй праект рэзалюцыі Рады Бяспекі ААН, які прадугледжвае сярод іншага спыненні бамбаванняў гораду і поўную забарону палётаў над Алепа, заклікаў міністр замежных спраў Францыі Жан-Марк Эро. На ягоную думку, гэтая рэзалюцыя павінна выратаваць горад ад поўнага знішчэння ў выніку ўдараў сірыйскай і расейскай авіяцыі, паведамляе інфармагенцтва AFP.
Напярэдадні Расея прапанавала свой праект рэзалюцыі па Алепа, які прадугледжваў спыненне агню, але ў ім не згадвалася аб забароне палётаў над горадам. Гэты праект таксама адхілілі – ён атрымаў усяго чатыры галасы «за» і дзевяць галасоў «супраць».
Пастаянны прадстаўнік Расеі пры ААН Віталь Чуркін закінуў сваім калегам «антырасейскую пазіцыю» і назваў усё, што адбываецца, адным з найбуйнейшых «спектакляў у гісторыі Рады Бяспекі ААН». «Мы мусім прагаласаваць за дзве рэзалюцыі, ведаючы, што ніводную з іх не прымуць», – цытуе ягоныя словы агенцтва Dpa.
Затое прадстаўнік Вялікая Брытаніі пры ААН Мэцью Райкрофт назваў расейскі праект «падманам», які ніякім чынам не спрыяў бы абароне грамадзянскага насельніцтва.
МЯ, паводле dw.com