«Расейскія сокалы» падзякавалі беларускім параалімпійцам за сцяг


У Лідзе прайшло авіяшоу з удзелам расейскіх лётчыкаў з гораду Ліпецк. 

Свята авіяцыі, прысвечанае 75-годдзю 116-й гвардзейскай штурмавой авіябазы, прайшло на лідскім аэрадроме. Акрамя самалётаў беларускіх ВПС у святкаваннях узялі ўдзел і госці з Расеі – авіягрупа Паветрана-касмічных сілаў РФ «Сокалы Расеі» з Ліпецку. Падзея прыцягнула ўвагу мясцовых жыхароў: дарога на аэрадром напярэдадні свята нагадвала сапраўдную «дарогу жыцця» з-за людскога патоку.

Да ўвагі гледачоў былі прадстаўленыя выступы каманды парашутыстаў, дэманстратыўныя палёты беларускіх асаў, паказальны выступ вайсковага спецназу, а таксама тэхніка, з якой можна было сфатаграфавацца ды памацаць рукамі.

Палкоўнік: «Дзякуем за падтрымку Расеі! Расеі цяпер цяжка…»

Галоўнай падзеяй свята стаў паветраны паказ авіятараў з Расеі. Паветраныя петлі, падзенні з хуткасцю 300 м у секунду, а таксама палёты на экстрэмальна нізкай вышыні прадэманстравалі пілоты з групы вышэйшага пілатажу «Сокалы Расеі» на чатырох самалётах Су.

Акцэнты мерапрыемства ад пачатку былі расстаўленыя ў прарасейскім ключы. Спачатку каментатар беларускага «ВаенТВ» Мікалай Анісімаў распавядаў слухачам пра «беларускія Вайскова-паветраныя сілы – адныя з самых «баегатовых» у Еўропе…», але ў пэўны момант мікрафон перайшоў да палкоўніка Ігара Басава з Расеі, які не забыўся выгукнуць: «Слава Расеі!».

Апафеозам мерапрыемства стала прызямленне аднаго з расейскіх самалётаў, калі з адкрытага фізюляжу пілот паказаў публіцы чырвона-зялёны сцяг. Паводле каментатара Басава, так расейскі бок дзякуе беларускім параалімпійцам за трыкалор падчас шэсця ў Рыа. «Дзякуем за падтрымку Расеі! Расеі цяпер цяжка…» – рэзюмаваў палкоўнік.

Святар: «Русь – гэта Украіна, Расея і Беларусь, яна непадзельная!»

Былі прысутныя на свяце і прадстаўнікі праваслаўнай царквы. Справа ў тым, што на дзень нараджэння авіябазы БПЦ падрыхтавала свой падарунак – харугву з выявай Аляксандра Неўскага, расейскага князя і праваслаўнага святога, заступнік ваяроў.

Благачынны Лідскай акругі протаіерэй Расціслаў Салаўёў назваў гэта гістарычнай падзеяй, а харугву параўнаў са сцягам перамогі, які нагадвае пра гонар і годнасць.

«Цягам ўсёй гісторыі, – тлумачыць протаіерэй, – Ад князя Уладзіміра, Русь заўжды была адзінай і непадзельнай. Русь – гэта Украіна, Расея і Беларусь, яна непадзельная! Гэтае мерапрыемства, такім чынам, збліжае і паказвае, што мы разам, расейскія і беларускія лётчыкі. Мы браты-славяне, у нас адна царква, адны карані агульныя, мы разам».

Святар дадаў таксама, што кожны хлопец у дзяцінстве марыў стаць лётчыкам або касманаўтам, таму такія святы патрэбныя, каб умацоўваць патрыятызм і любоў да Радзімы.

Генерал: «Час пакажа і ўсё стане на свае месцы»

На свяце наагул можна было сустрэць шмат цікавых людзей, у тым ліку адстаўнікоў, якія аселі тут пасля развалу Саюзу. Напрыклад, генерал-маёр расейскай арміі ў адстаўцы Анатоль Варанцоў жыве тут з 1987 году, дагэтуль служыў у Забайкаллі, Літве і Латвіі. У 1996-м генерал, з яго словаў, удзельнічаў у вывадзе ядравай зброі з Беларусі.

«Расейскія і беларуская авіяцыя, у выпадку чаго, зможа адбіць удар, – распавядае генерал, – Усе клялі Расею, але ніхто не змог за 2-3 дні перавесці цэлую базу ў Сірыю для нанясення бомбавых удараў. У нашым славянскім менталітэце гэта закладзена!».

Вайсковец тлумачыць, што нарадзіўся ва Украіне, але паводле паходжання беларус. Украінскі беларус расейскай арміі – так пра яго казалі саслужыўцы.

«Ва Украіне пахаваныя мае бацькі, – працягвае генерал, – Але я там не быў два гады. Маральна цяжка. Мы згубілі Украіну, хоць лічылі, што гэта нібы свае… Я скончыў львоўскі політэхнічны інстытут у 1950-м. Там мне давялося вывучыць «наречіе» заходнеўкраінскае. Бо калі загаворыш у краме па-расейску, цябе не абслужаць. Яны ж і ёсць асновапаложнікамі Майдану і ўсіх гэтых беспарадкаў…».

Афіцэр у гадах яшчэ шмат распавядае пра пераемнасць пакаленняў, музеі, патрэбу ў падобных мерапрыемствах, але рэзюмуе амаль па-прароцку:
«У мяне сястра ў Адэсе, я бываю там у гасцях, дык там усе па-расейску размаўляюць! Брат у Арэнбургу, сын, вайсковы пенсіянер, у Маскве. Я – тут. Таму нас не падзяліць, мы – адзіная і непадзельная! Час пакажа і ўсё стане на свае месцы».

Усе фотаздымкі

АК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары