Беларусь стала найбуйнейшым пастаўшчыком звадкаваных вуглевадародных газаў (ЗВГ) ва Украіну пасля таго як расейскі аўтагаз стаў ісці ва Украіну праз Беларусь.
«У траўні ў Расеі былі ўведзеныя абмежаванні на экспарт [ЗВГ]. Дазвол атрымаў толькі адзін гулец. Астатнім таксама трэба было нешта рабіць. Узгадалі пра Беларусь. Мы бачым, што на газанапаўняльныя станцыі ў Віцебску актывізавалі перапаспартызацыю расейскага газу з наступнай пастаўкай ва Украіну ўжо як беларускага прадукту», – кажа ўдзельнік украінскага паліўнага рынку.
«У гэтым няма ніякага крыміналу, проста так складваюцца абставіны. Бізнес шукае альтэрнатыўныя маршруты», – дадаў ён.
З 1 траўня 2017 г. экспарцёры звадкаванага газу з РФ ва Украіну абавязаны атрымліваць заключэнне Федэральнай службы па экспартным кантролі. Дазвол атрымала толькі Proton Energy Group, якая мае кантракт з «Раснафтай».
Імпартныя пастаўкі ЗВГ ва Украіну за першыя 20 дзён верасня склалі 82,8 тыс. т, што на 26% больш, чым было ўвезена за адпаведны перыяд жніўня (65,9 тыс. т). На Расею і Беларусь прыйшлося 80% (66 тыс. т) усяго імпарту ЗВГ. Пры гэтым пастаўкі з Беларусі дасягнулі 42,6 тыс. т. Гэта ў 1,8 разы больш, чым было ўвезена з РФ (23,5 тыс. т). У агульнай структуры імпарту на Беларусь прыйшлося 51,5%.
Адным з буйных пастаўшчыкоў аўтагаза ва Украіну стала віцебская кампанія «ТрансЭкспедыцыя». Акрамя таго ў верасні адпраўку ЗВГ ажыццяўляла віцебская кампанія «Чесс Бел», якая фігуруе ў матэрыялах маёра КДБ Беларусі Андрэя Молчана, які збег у Швецыю.
ІІ, belsat.eu, паводле TUT.by