Прэзідэнту Паўднёвай Карэі абвесцілі імпічмент

video

https://www.youtube.com/watch?v=NctsK2zqsBQ

Парламент правёў тайнае галасаванне на паседжанні 9 снежня. Пастанову ўхвалілі 234 дэпутаты Нацыянальнага сходу з 300. Цяпер Канстытуцыйны суд цягам 180 дзён мусіць пацвердзіць пастанову парламенту пра адстаўку прэзідэнта.

Да гэтага моманту ўсе паўнамоцтвы Пак Кын Хе, якую падазраюць у карупцыі, прыпыненыя.

Карупцыйны скандал вакол прэзідэнта Паўднёвай Карэі адбыўся пасля таго, як журналісты кабельнага тэлебачання знайшлі ў сметніцы аднаго з гатэляў таблет з сакрэтнымі дакументамі, сярод якіх былі тэксты прамоваў Пак Кын Хе. Неўзабаве высветлілася, што таблет належыць сакратарыяту ейнай даўняй сяброўкі, 60-гадовай Чхой Сун Сіль. Гэтую жанчыну ў лістападзе арыштавалі як падазраваную ў незаконным атрыманні грошай, якія мусілі праз ейныя фонды накіроўвацца на папулярызацыю за мяжой паўднёвакарэйскай культуры і спорту.

Пак Кын Хе ўжо выбачалася за скандал. У адным з тэлезваротаў яна падкрэсліла, што гатовая сысці ў адстаўку. Паводле экспертаў, калі Пак пакіне свой пост з уласнай ініцыятывы, яна зможа атрымаць будучыя прэферэнцыі як экс-прэзідэнт краіны. Калі яна сыдзе праз імпічмент, то ніякіх прывілеяў не атрымае.

Калі б не скандал, першая ў гісторыі Паўднёвай Карэі жанчына-прэзідэнт кіравала краінай да лютага 2018 года.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары