Менчукі пра імпічмент Лукашэнкі: «Нашыя людзі на гэта не здольныя, у іх няма столькі сілы волі»

video

Парламент Паўднёвай Карэі афіцыйна даў хаду працэдуры імпічменту ў адносінах да прэзідэнта краіны Пак Кын Хе, якая сёлета трапіла ў карупцыйны скандал праз сваю даўнюю сяброўку.

20 гадоў таму Вярхоўны Савет 13-га склікання паспрабаваў распачаць працэдуру імпічменту Аляксандру Лукашэнку. Аднак спроба правалілася. Тады на яго загад спецназ разагнаў дэпутатаў-галадоўнікаў, зладзіў незаконны рэферэндум, паводле вынікаў якога ў Беларусі скасавалі беларускую мову як адзіную дзяржаўную, герб Пагоня і бел-чырвона-белы сцяг перасталі быць афіцыйнымі, а Аляксандр Лукашэнка атрымаў паўнамоцтвы распусціць парламент.

Мы распыталі жыхароў сталіцы, ці магчымая ў Беларусі адстаўка прэзідэнта.

«Думаю, наўрад ці. Вельмі шмат баязліўцаў. Усе хочуць жыць спакойна, таму лішнія праблемы нікому не патрэбныя», – кажа жанчына.

«У нас народ памяркоўны, месцячковы. Нічога не будзе», – гаворыць мужчына.

«Ніколі ў жыцці», – ўпэўненая яшчэ адна апытаная.

«Большую частку ўсё задавальняе. Кожная краіна вартая свайго прэзідэнта», – лічыць жанчына.

«Паглядзіш на Украіну, дык хай будзе ціха ды спакойна», – кажа жанчына.

«Наша Канстытуцыя гэта дазваляе, але пытанне, ці хоча гэтага народ? Народ гэтага не хоча. Нас задавальняе прэзідэнт», – з упэўненасцю кажа апытаная жыхарка Менску.

«Мне падаецца, што нават калі захочуць, то нічога не атрымаецца. Відаць, патрэбна яшчэ не адно пакаленне», – дзеліцца думкамі дзяўчына.

«Калі зусім не будзе грошай. А пакуль людзі, відаць, не саспелі», – кажа малады мужчына.

«Нашыя людзі на гэта не здольныя, у іх няма столькі сілы волі», – кажа дзяўчына.

«У мяне ёсць меркаванне, але я баюся яго сказаць», – кажа жанчына.

Глядзіце больш у відэа.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары