Прадстаўнік омбудсмана Украіны пракаментаваў затрыманне журналіста


Прадстаўнік упаўнаважанага Вярхоўнай Рады па правах чалавека Міхайла Чаплыга назваў пагражаючай сітуацыю з затрыманнем Паўла Шаройкі ў Беларусі і паабяцаў прыкласці намаганні для вызвалення журналіста.

Каментар Міхайла Чаплыгі апублікавала «Украінскае радыё»:

«Гэтая сітуацыя будзе вельмі сур’ёзнай пагрозай, бо гэта будзе ўжо другі выпадак, калі ўкраінскага журналіста ў іншай дзяржаве фактычна хапаюць і вінавацяць у шпіянажы, не звяртаючы ўвагі на тое, што асоба проста выконвае свае абавязкі як журналіста. Гэта, па-першае, непавага да прафесіі, па-другое, гэта фактычна ўзяцце ў закладнікі грамадзяніна Украіны, відавочна, з мэтай нейкага гандлю з Украінай. Фактычна людзей выкарыстоўваюць як закладнікаў. У нас пакуль што няма дакладнай інфармацыі, але мы зараз звернемся да МЗС. На жаль, упаўнаважанага па правах чалавека ў Беларусі няма, таму сітуацыя крыху складаная. Будзем размаўляць пра тое, ці не перададуць гэтую асобу ў РФ, як адбылося з грамадзянінам Украіны Грыбом. Думаю, калі зараз аператыўна ўключымся мы, і МЗС, то, магчыма, сітуацыю атрымаецца вырашыць пазітыўна».

Пра тое, што ў Беларусі затрымалі карэспандэнта «Украінскага радыё» Паўла Шаройку, паведаміў старшыня Нацыянальнай грамадскай тэлерадыёкампаніі Украіны Зураб Аласанія.

Паўло Шаройка каля двух тыдняў не выходзіў на сувязь, спробы рэдакцыі датэлефанавацца да яго і ягоных сваякоў не далі выніку.

НМ, belsat.eu, паводле nrcu.gov.ua, фотаздымак з сацыяльных сетак

Стужка навінаў