Пяць месяцаў таму генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк выказаў меркаванне, што публікаваць дэкларацыі аб прыбытках і нерухомасці чыноўнікаў у Беларусі не этычна. Цяпер становіцца зразумела чаму.
Бо самому генеральнаму пракурору ёсць што хаваць ад грамадзянаў. Напрыклад, зямлю і катэдж на ёй у Драздах. Але не Канюком адзіным вядомая гэтая элітная мясцовасць. Журналісты «Нашай Нівы» правялі расследаванне і апублікавалі спіс жыхароў найдаражэйшага раёну краіны.
ЯГОР МАРЦІНОВІЧ, НАМЕСНІК ГАЛОЎНАГА РЭДАКТАРА «НАШАЙ НІВЫ»:
«У першую чаргу – гэта міністры, іншыя чыноўнікі, з дзясятак спартоўцаў, некалькі мастакоў. Вось гэта ў прынцыпе ўвесь спіс лукашэнкаўскай эліты».
Сярод суседзяў галоўнага пракурора краіны – кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Косінец, старшыня ніжняй палаты парламенту Андрэйчанка, старшыня Дзяржкантролю Анфімаў, кіраўнік КДБ Вакульчык, старшыня «Белтэлерадыёкампаніі» Давыдзька, кіраўнік Праваслаўнай царквы Фёдар Поўны ды стваральніца «элегантных» перамог Лукашэнкі на выбарах – Ярмошына. Усяго ў спісе 107 асобаў.
ЯГОР МАРЦІНОВІЧ, НАМЕСНІК ГАЛОЎНАГА РЭДАКТАРА «НАШАЙ НІВЫ»:
«Гэты спіс – адзін з найважнейшых дакументаў лукашэнкаўскай эпохі. Таму што ў Драздах Лукашэнку атрымалася пабудаваць своеасаблівую зону лаяльнасці».
Афіцыйна заробкі чыноўнікаў ня надта высокія. Перайшоўшы ў бізнес, дзякуючы сваім сувязям маглі б зарабляць значна больш. Аднак яны застаюцца на дзяржаўных пасадах са спадзевам атрымаць звышдарагія бонусы, эквівалентныя фактычна іхнаму афіцыйнаму прыбытку за ўсё жыццё. Некаторыя чыноўнікі, карыстаючыся сітуацыяй, спрабуюць перавесці гэтыя грошы ў гатоўку.
ЯГОР МАРЦІНОВІЧ, НАМЕСНІК ГАЛОЎНАГА РЭДАКТАРА «НАШАЙ НІВЫ»:
«Былы міністр юстыцыі Віктар Галаванаў перадарыў катэдж сыну і выставіў на продаж, ацаніўшы яго ў мільён чатырыста тысяч долараў»
Адметна, што зямля чыноўнікам пад будаўніцтва катэджаў нават не прадавалася, а аддавалася бясплатна. Юрый Беленькі, дэпутат Вярхоўнага Савету 12 склікання, мяркуе, што такія падарункі – не толькі супрацьзаконныя, але і паказваюць, наколькі ўлада адарвалася ад грамадзянаў.
ЮРЫЙ БЕЛЕНЬКІ, БЫЛЫ ДЭПУТАТ ВЯРХОЎНАГА САВЕТУ БЕЛАРУСІ:
«Гэта форма карупцыі. Якая вядомая яшчэ з савецкіх часоў. Калі партыйная эліта мела прывілеі, спецразмеркаванне, яны атрымлівалі лепшыя кватэры, лячыліся ў лепшых санаторыях».
За што ж такія шматмільённыя бонусы?
ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:
«Іх падкормлівае, вышэйшая ўлада. І тады яны спакойны, бо калі чалавеку даеш шмат, ён маўчыць, не аб чым не кажа»
«За тое, што падтрымліваюць самыя ведаеце каго, як кажуць у народзе»
«У нас так з 90-х – ёсць акрэсленая банда, якая ўсё гэта дзеліць паміж сабою».
Эксперты мяркуюць: адная з магчымых захадаў змагання з гэтак званаю платаю за лаяльнасць – гэта існаванне сапраўднага падзелу галінаў улады на выканаўчую, заканадаўчую ды судовую. Але ж на сённяшні дзень для беларускай рэальнасці гэта ня мае ніякага дачынення.
Паводле здаровага разуму і закону, праваахоўныя органы мусіць пацікавіцца, за якія такія заслугі Аляксандр Лукашэнка адорвае чыноўнікаў надзеламі зямлі ў Драздах ды на якія сродкі будуюцца палацы. Але ці варта чакаць расследавання? Бо катэджы міністра ўнутраных справаў і кіраўніка следчага камітэту Беларусі таксама месцяцца ў Драздах.
Юрый Салодкі, «Белсат»