19-гадовы ўкраінец перасёк дзяржаўную мяжу Беларусі 24 жніўня. Пра гэта паведаміў афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі Антон Бычкоўскі.
«Дадзены грамадзянін сапраўды перасёк дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь 24 жніўня ў пункце пропуску «Новая Гута» ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку. Прэтэнзій з боку пагранслужбы Беларусі да гэтай асобы не было», — праінфармаваў Антон Бычкоўскі belta.by.
Афіцыйны адказ Дзяржпагранкамітэта на зварот Дзяржпагранслужбы Украіны ўжо адправілі.
Плануецца, што сёння ў Будапэшце кіраўнік МЗС Украіны абмяркуе з беларускім калегам справу зніклага ўкраінца. 31 жніўня ў сталіцы Венгрыі адбудзецца сустрэча міністраў замежных справаў членаў «Усходняга партнёрства» і Вышэградскай групы.
Павел Грыб паехаў у Беларусь 24 жніўня. Вядома, што мяжу ён пераадолеў без перашкод, а ў Гомлі яго след знік, і да сённяшняга дня невядома, дзе ён знаходзіцца.
Сваякі 19-гадовага Паўла ўпэўненыя, што да ягонага знікнення датычныя расейскія спецслужбы.
Паводле непацверджанай інфармацыі, хлопец знаходзіцца ў следчым ізалятары ў Краснадары.
ДР belsat.eu