Пасля збіцця грамадзяніна Таджыкістану ў Маскве затрымалі больш за 90 чалавек


Ілюстратыўнае фота

Больш за 90 чалавек былі затрыманыя напярэдадні ў сталіцы Расеі ў гандлёвым комплексу «Масква», заявілі ў маскоўскай паліцыі, паведамляе bbc.com.

Як раней паведамлялі СМІ, людзі сабраліся, каб пакараць ахоўнікаў гандлёвага цэнтра, якія збілі грамадзяніна Таджыкістана.

Пасля масавых затрыманняў была ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле «Хуліганства», а па факце збіцця – справа па артыкуле «Пабоі», гаворыцца ў паведамленні маскоўскага ўпраўлення МУС.

«Супрацоўнікамі паліцыі была спынена спроба групавога парушэння грамадскага парадку ля гандлёвага цэнтра на Ціхарэцкім бульвары. У тэрытарыяльныя аддзелы паліцыі дастаўлена больш за 90 чалавек», – паведамляе сталічнае ўпраўленне МУС.

У паліцыі таксама заявілі, што паведамленні пра смерць пацярпелага, што зʼявіліся ў СМІ, не адпавядаюць рэчаіснасці. Мужчына ўжо дае тлумачэнні паліцыянтам, сказана ў паведамленні. Пра тое, што грамадзянін Таджыкістана быў збіты да смерці, у чацвер перадавала агенцтва «Азія-плюс».

Як паведамілі Інтэрфаксу ў гарадской клінічнай бальніцы №68, пацярпелы – 27-гадовы грамадзянін Таджыкістана Наўруз Зікіраў – цяпер знаходзіцца ў агульнай палаце аддзялення нейрахірургіі.

***

Увечары 20 верасня ля гандлёва-кірмашовага комплексу «Масква» у Любліна сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек. Яны крычалі, што ахоўнікі гандлёвага цэнтра збілі чалавека, які працаваў там, грамадзяніна Таджыкістана і патрабавалі «пакараць злачынцаў». Паводле розных звестак, да гандлёвага цэнтра прыйшлі ад 50 да 300 чалавек.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары