Палац у Панямуні: ад каралеўскай рэзідэнцыі да сельскага клубу

photo

У якім стане колішняя каралеўскай рэзідэнцыя ў Горадні? Карэспандэнт Belsat.eu шукаў адказу.

Дарога з Горадні ў Панямунь – чыста сімвалічная. Вёска зараз знаходзіцца ў рысе гораду. Пра яе «каралеўскае мінулае» нагадваюць толькі асобныя «маячкі»: колішняя капліца, якая месціцца на тэрыторыі гаражоў, рэшткі фальварковых пабудоваў на закрытай тэрыторыі рамонтна-будаўнічага ўпраўлення (РБУ), засмечаны грабавы парк, ну і, нарэшце, закалочаны «вясковы клуб» – былая каралеўская рэзідэнцыя.

Палац? Не, не чулі…

Заехаўшы на тэрыторыю, якая ахоўваецца, пытаемся, як трапіць у палац.

– Палац? Ну то вам трэба ехаць праз святлафор, – пачынае распавядаць вусаты супрацоўнік РБУ з бэйджыкам на грудзях, – далей рынак будзе, там налева…

Праз пару хвілін разумеем, што дзядзька распавядае нам пра дарогу …да Новага замку ў цэнтры Горадні. Таксама ж над Нёмнам і з калонамі. Мясцовыя жыхары не атаясамліваюць «клуб» з палацам, нягледзячы на адмысловую шыльду на сцяне будынку.

– А, клуб? – збянтэжана перапытвае дзядзька, – проста і направа!

Каля самой рэзідэнцыі сустракаем хлопца, які адмаўляецца фатаграфавацца, але распавядае, што ў правым драўляным крыле зараз шэсць жылых кватэраў. Падвалы заваленыя смеццем, асноўны будынак – былы клуб – даўно забіты. Пра рэстаўрацыю зараз размоваў няма, хоць раней пра гэта была размова. Экскурсіяў тут не бывае.

Рэзідэнцыя для асабістых мэтаў

Палац у Панямуні – адна з трох рэзідэнцыяў караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў ваколіцах Горадні, якія зараз ужо ўвайшлі ў гарадскую рысу. Кароль прыязджаў у Горадню па шматлікіх справах і мог спыняцца ў Новым замку. Але гэта было не вельмі камфортна для асабістага жыцця: у замку заўжды было людна.

Таму для асабістых мэтаў больш падыходзілі Станіславава, Аўгустова і Панямунь – гэта была прыватная маёмасць караля, а не дзяржавы. Самай маленькай ды інтымнай рэзідэнцыяй быў акурат Панямунь над Нёмнам.
У Панямуні заўжды было зацішна. Нават фальварак з канюшнямі знаходзіўся на адлегласці. Тут кароль мог сустракацца не толькі з жанчынамі, але і з адмыслоўцамі па сакрэтных дзяржаўных справах. Вакол палацу – ландшафтны грабавы парк, а ў ніз да Нёмну спускаюцца тэрасы аранжэрэяў, якія сёння нагадваюць руіны Мачу Пікчу (старажытны горад у Перу).

Калі Станіслаў Аўгуст прадчуваў немінучы канец і страту кароны, свае прыватныя рэзідэнцыі ён пачаў… раздорваць. Так Панямунь трапіў у прыватнае валоданне.

У ХІХ стагоддзі да нязручнага ў карыстанні будынку рэзідэнцыі зрабілі прыбудову – з кухняй ды іншымі гаспадарчымі памяшканнямі. Акурат у такім стане былую рэзідэнцыю ўбачылі мастакі Орда і Пешка, па акварэлях якіх мы можам меркаваць пра тагачасны выгляд палаца.

У 1939 годзе ўсё было нацыяналізавана. На базе фальварка зрабілі саўгас. Там жа была адна з першых машынна-трактарная станцыя ў Гарадзенскім раёне.

Агулам – працы не так і шмат

Праект рэстаўрацыі палацу з’явіўся яшчэ напрыканцы 1980-х. Тады ўвесь комплекс даследаваўся гісторыкамі ды архітэктарамі. Але Саюз сышоў, а праект нават не даспеў да стадыі эскізу.

 

У той жа капліцы я быў у 90-х гадах, – узгадвае гісторык архітэктуры Ігар Трусаў, – яе стан не аварыйны. Унутры нібы ўсё пачышчанае, дах ды стокі для вады зробленыя – то бок будынак не разбураецца. Але і добрым стан назваць цяжка.

Цікава, што неагатычная капліца часоў Панятоўскага таксама лічыцца помнікам гісторыі і культуры, як і ўвесь комплекс «Панямунь». Пры гэтым да яе нельга нават падступіцца: яна знаходзіцца на тэрыторыі гаражоў, што ахоўваецца. Нас туды, дарэчы, не пусцілі. Параілі «звязацца з дырэктарам».

«З рэстаўрацыяй самога палацу ёсць юрыдычныя складанасці, – працягвае Трусаў, – Гістарычны будынак XVIII ст., у якім нядаўна месціўся клуб, невялікі. Для яго аднаўлення не патрэбныя вялікія капіталаўкладанні. Але драўляная частка, дабудаваная ў ХІХ ст. – зараз у прыватнай уласнасці, там жывуць людзі, якіх трэба будзе адсяляць. Але агулам працы не так і шмат».

Гісторык нагадвае, што з 1994 года ў Беларусі няма артыкулаў у гарадскім бюджэце як «рэстаўрацыя і кансервацыя помнікаў». Такі артыкул ёсць у абласным бюджэце, але ў выпадку Гарадзенскай вобласці – усё «з’ядаецца» Старым замкам, на якім зараз ідуць працы, ды ўмацаваннем Каложскай царквы.

Што далей?

«Калі ж браць пазабюджэтныя сродкі і фонды, паўстане пытанне прызначэння: а для якіх мэтаў? – разводзіць рукамі Трусаў, – Што далей? Будынак жа невялікі. Стварыць музей па савецкай дурацкай звычцы? З трыма пакоямі?»

На думку гісторыка, большасць сядзібаў на Гарадзеншчыне немагчыма аднавіць па простай прычыне: незразумелая мэта аднаўлення. Любая дваранская або каралеўская рэзідэнцыя некалі працавала на прыватныя патрэбы свайго гаспадара. Часы змяніліся: у Беларусі няма ані шляхты, ані магнатаў.

Разам з тым, Трусаў прыводзіць у прыклад Расею, дзе дваранскія сядзібы выкупаюць заможныя людзі – каб там жыць. Але рэзідэнцыя ў Панямуні нязручная для пражывання, нязручнае ў эксплуатацыі.

І нават калі ўладальнік усё зробіць слушна, – падвозіць рысу Трусаў, – уявіце, што яго пасадзяць за нешта. Вы ж ведаеце як гэта бывае ў нашай краіне. І што далей?

Адзіным аптымістычным прыкладам маглі б служыць, хіба, варшаўскія Лазенькі, дзе колішняя загарадная каралеўская рэзідэнцыя, якая «улілася» ў горад, пераўтварылася ў парк грамадскага адпачынку на ўтрыманні дзяржавы.

І тут ратуе толькі становішча – Панямунь сёння частка гораду, а не закінутая сядзіба за сотню кіламетраў ад абласнога цэнтру. Галоўнае, каб палац, капліца ды рэшткі парку вытрывалі да часу ўвасаблення гэтых мрояў.

АК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары