Па Сірыі выпусцілі больш за 100 ракетаў


14 красавіка 2018 года. Світанак над сталіцай Сірыі. Уночы вайсковыя сілы ЗША, Вялікай Брытаніі і Францыі правялі ракетны ўдар па Сірыі ў адказ на звесткі аб хімічнай атацы. Некалькі з цэляў супольных сіл Захаду знаходзіліся ў Дамаску. Фота – Ammar Safarjalani/Xinhua/ZUMA Wire/Forum

Бамбаванне адбылося паміж 4-й і 5-й гадзінамі раніцы паводле мясцовага часу (супадае з менскім).

Раніцай кіраўнікі трох краінаў паведамілі аб заканчэнні аперацыі. Агулам скаардынаваныя сілы ЗША, Вялікай Брытаніі і Францыя выпусцілі па Сірыі больш, чымся 100 ракетаў, падае Reuters.

Працаўнік Украінскага інстытуту будучыні Ілля Куса піша, што выпусцілі каля 120 ракет.

«З іх частку збілі, дзесьці 15–25, большую частку – над раёнам Аль-Касва над Дамаскам. Большасць ракет нават не ўваходзілі ў паветраную прастору расейскіх ваенных базаў у Латакіі і Хомсе», – піша Куса.

Паводле спецыяліста, цэлямі заходніх сілаў былі, між іншага:

– аэрапорт Ад-Думайр у правінцыі Дамаск;
– квартал Аль-Барз ува ўсходнім прыгарадзе Дамаску;
– аэрапорт Меззэ пад Дамаскам;
– ваенны аб’ект, звязаны з хімічнай праграмай, у правінцыі Хомс (там трое параненых);
– навукова-даследчы інстытут «Ас-Сафіра» ў правінцыі Хама.

Атака стала адказам на меркаваную хімічную атаку сірыйскага войска ўва Усходняй Гуце пад Дамаскам у мінулую суботу. Паводле звестак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у шпіталі з сімптомамі ўздзеяння хімічных рэчываў трапілі каля 500 пацыентаў. Пра іншыя доказы атакі пакуль невядома.

ДД

Глядзі таксама
Каментары