«Па чым будзеце жыць: па дзеду, ці па статуце?»: У Гомлі пачаўся чарговы суд за дзедаўшчыну


У судзе Гомельскага раёну пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да двух былых стараслужачых памежнай групы ў аграгарадку Новая Гута. Рамана Гладкага і Сяргея Гузеева вінавацяць паводле арт. 443 ч. 2 КК РБ «Гвалт і здзек над ваеннаслужачымі пры адсутнасці адносінаў падпарадкаванасці».

Паводле следства, Гладкі і Гузееў цягам двух месяцаў (студзень, люты 2017 года) прымушалі навабранцаў (агулам у справе 7 пацярпелых) адціскацца, прысядаць, прасіць дазвол пайсці спаць, танчыць, адказваць на бязглуздыя пытанні: «Чым адрозніваецца памідор ад трактара?», «На чым стаіш?», «Што за вакном?». За няправільныя адказы прызначалася адцісканне, ці прысяданне, білі далонню па руках. Агулам Гладкаму і Гузееву ставяць у віну 3 эпізоды нестатутных адносінаў.

Абодва віну прызналі часткова, паясніўшы суду, што ўдары былі не моцныя, меней па колькасці, бязглуздыя пытанні – жартаўлівыя і ніякага пакарання за няправільныя адказы не было. Яны сцвярджаюць, што ўсе фізічныя практыкаванні навабранцамі рабіліся добраахвотна, а ўдары па скрыжаваных над ілбом руках нанасіліся толькі далонню і ніколі кулаком.

Пэўны час суд прысвяціў высвятленню армейскага «дзедаўскага» жаргону: удар далонню па скрыжаваных над ілбом руках – «даць лася», удар у грудзі – «фанера да агляду», бязглуздыя пытанні – «прашары».

«У мяне не было намеру збіваць, прычыняць боль, здзекавацца ці зневажаць, – тлумачыць суду былы яфрэйтар Гузееў. – Усе гэта рабілася дзеля ўмацавання маральнага духу і паляпшэння фізічнай падрыхтоўкі. «Пытанні – прашары» мной задаваліся ў форме жартаў. Наагул, усе пералічанае ў абвінавачанні адбывалася са згоды пацярпелых. Напрыклад, радавы Пашкевіч адмовіўся падтрымліваць вайсковыя традыцыі, яго ніхто не змушаў. Бязглуздыя пытанні задаваліся па – добраму, са смехам і адказвалі на іх са смехам таксама. Удары былі не моцныя, іх можна параўнаць з поціскам рукі. З аднаго боку, хацелася паказаць што такое «армейскія традыцыі», а з другога – разнастаіць час. Працы на службе шмат, нервы перанапружаныя».

Раман Гладкі і Сяргей Гузееў

Пацярпелы Вадзім Шаўчэнка патлумачыў суду, што ў першы дзень іх знаходжання ў гомельскай памежнай групе яфрэйтар Гузееў запытаўся ў навабранцаў, па чым яны будуць жыць, па статуце, ці «па дзеду». На гэтае пытанне ўсе навабранцы, апроч аднаго, адказалі, што будуць жыць «па дзеду», бо баяліся, што ў выпадку адмовы жыць «па дзеду» будуць мець кепскія ўмовы службы, апынуцца ізгоямі, будуць змушаны хадзіць шэрагам у прыбіральню і звяртацца да стараслужачых не па імені, а «товарищ, ефрейтор».

«Я дакладна не ведаў, што такое жыць «па дзеду», з фільмаў і кніг толькі меў пэўнае ўяўленне пра гэта. Але запытваць у стараслужачых не стаў. Калі мы ўсе сказалі, што згодны жыць «па дзеду», мы паднялі рукі і атрымалі «лася», – распавёў Шаўчэнка.

У матэрыялах справы ёсць наступны эпізод: 23 студзеня 2017 года пяцёра навабранцаў па загадзе Гузеева і Гладкага адціскаліся па 200 разоў кожны. У працэсе Гладкі запытаўся, ці ведаюць яны, за што адціскаюцца, а калі пацярпелыя адказалі адмоўна, ім патлумачылі: гэта за тое, што не пачысцілі дарожкі ад ільду. Паміж адцісканнямі пацярпелыя атрымлівалі 10 удараў – «ласей», таксама быў загад сядзець на паўсагнутых з выцягнутымі ўперад рукамі. Напрыканцы пацярпелым загадалі зрабіць супольныя прысяданні (разам з рукамі на плячах адзін аднога). Прыкладна па такому сцэнару адбывалася падзеі і 16 лютага 2017 году, калі ў выніку некалькі навабранцаў страцілі прытомнасць.

Сяргей Гузееў і Раман Гладкі адмаўляюць, што ў іх была папярэдняя змова змушаць пацярпелых да нестатутных адносінаў.

Калі ўсё ж такі кіраўніцтву памежнай групы стала вядома пра парушэнні воінскага статуту, была праведзеная праверка і распачатая крымінальная справа. Гузееў і Гладкі з 16 сакавіка знаходзяцца пад вартай у гомельскім СІЗА.

Ганна Кавальчук, belsat.eu

Стужка навінаў