Нястача бюджэтных студэнтаў


Так бывае: групы ёсць, выкладчыкі ёсць, а студэнтаў няма. Адразу тры гомельскія дзяржаўныя ўніверсітэты абвесцілі аб дадатковым наборы абітурыентаў на бюджэтную форму навучання: ГДУ імя Францыска Скарыны, Тэхнічны ўніверсітэт імя Сухога і Універсітэт транспарту. Нават на тэхнічныя спецыяльнасці набіраюць з малымі патрабаваннямі – 10–15 балаў у профільных дысцыплінах. Дацэнт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэту кажа, што студэнтаў на бюджэтным навучанні не стае не толькі ў Гомлі, але і па ўсёй Беларусі. Асабліва там, дзе вучаць на педагогаў.

ВІКТАР АДЗІНОЧАНКА

ДАЦЭНТ, ГДУ ІМЯ Ф. СКАРЫНЫ

«Асабліва з тымі спецыяльнасцямі, што рыхтуюць педагогаў па фізіцы і матэматыцы. Дзе трэба мець веды, дзе цяжка вучыцца, а ў школы ісці людзі не хочуць».

Стаць настаўнікам – вечна бедным, перагружаным паперамі і дадатковымі абавязкамі – пра гэта мараць адзінкі.

А вось, напрыклад, у палітэхнічным універсітэце на спецыяльнасць «распрацоўка нафтавых свідравінаў» прахадны бал большы за 300. Таксама добра каціруецца спецыяльнасць праграміста, але для паступлення трэба добра ведаць фізіку і матэматыку.

Летась гэтыя навукі сталі праблемаю для паловы абітурыентаў. Вялікі попыт на юрыдычныя і эканамічныя спецыяльнасці, хоць там большасць месцаў платныя. Бацькі ўчорашніх школьнікаў гатовыя плаціць за адукацыю, каб потым выпускнікі не працавалі па размеркаванні 2 гады за капейкі.

АБІТУРЫЕНТЫ І СТУДЭНТЫ

«Я пайшла на «Фінансы і крэдыт», бо мне падабаецца банкаўская справа. Я нават буду вучыцца на платным, але дамагуся таго, чаго хацела».

«Я хацела на архітэктара, бо я творчы чалавек, але не выйшла. Таму прыйшла сюды».

«Да чаго ляжыць душа, туды і трэба паступаць, на тое і вучыцца».

«Бюджэтных месцаў дастаткова, але не на маю спецыяльнасць. Таму я пайшла на платную аснову, чым кудысьці на бюджэт».

Праблема не ў тым, што абітурыентаў мала, а ў тым, што штат дзяржаўных універсітэтаў раздзьмуты, мяркуе прафесар Уладзімір Дунаеў.

УЛАДЗІМІР ДУНАЕЎ

СУЗАСНАВАЛЬНІК ЕЎРАПЕЙСКАГА ГУМАНІТАРНАГА ЎНІВЕРСІТЭТУ

«Колькасць месцаў на першым курсе ўвогуле ў беларускіх ВНУ 2010 года перавышае колькасць выпускнікоў сярэдняй школы».

Таму на бюджэтнае навучанне бяруць усіх: і здольных, і няздольных. А потым сілком цягнуць студэнтаў да дыпломаў.

ВІКТАР АДЗІНОЧАНКА

ДАЦЭНТ, ГДУ ІМЯ Ф. СКАРЫНЫ

«Такая ёсць устаноўка, каб не адлічваць, бо калі адлічаць, то трэба скарачаць выкладчыкаў».

Такая сітуацыя ўплывае на агульны ўзровень прафесіяналізму.

УЛАДЗІМІР ДУНАЕЎ

СУЗАСНАВАЛЬНІК ЕЎРАПЕЙСКАГА ГУМАНІТАРНАГА ЎНІВЕРСІТЭТУ

«Калі ў нас з 5 баламі па профільнай дысцыпліне паступаюць на вайсковыя спецыяльнасці, мне становіцца страшна за ўсіх нас і за абароназдольнасць Рэспублікі».

А калі вучыцца на настаўніка часта ідуць не самыя лепшыя, то каго яны потым вывучаць у школах? І кола замыкаецца.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Стужка навінаў