Пра тое, што ў кватэру нобэлеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч спрабуюць трапіць невядомыя, паведаміла паэтка і перакладчыца Таццяна Нядбай.
Незнаёмцы таксама тэлефануюць.
Падтрымаць нобэлеўскую лаўрэатку прыйшлі і прадстаўнікі амбасадаў Польшчы, Літвы, Швецыі, Славакіі.
Святлана Алексіевіч, старшыня Беларускага ПЭНа зрабіла заяву:
Ужо не засталося нікога з маіх сяброў-аднадумцаў у Прэзідыуме Каардынацыйнай рады. Усе ў турме або выкінутыя за мяжу. Сёння ўзялі, апошнім, Максіма Знака.
Спачатку ў нас скралі краіну, выкрадаюць найлепшых з нас. Але замест выдраных з нашых шэрагаў прыйдуць сотні іншых. Паўстаў не Каардынацыйны камітэт. Паўстала краіна. Я хачу паўтарыць тое, што кажу заўсёды. Мы не рыхтавалі пераварот. Мы хацелі не дапусціць расколу ў нашай краіне. Мы хацелі, каб у грамадстве пачаўся дыялог. Лукашэнка кажа, што не будзе гаварыць з вуліцай, а вуліца – гэта сотні тысяч людзей, якія кожную нядзелю і кожны дзень выходзяць на вуліцу. Гэта не вуліца. Гэта народ.
Людзі выходзяць на вуліцу са сваімі маленькімі дзецьмі, таму што яны вераць, што яны перамогуць.
Яшчэ я хачу звярнуцца да расейскай інтэлігенцыі, назавем гэта так па-старому звычаю. Чаму вы маўчыце? Мы чуем толькі рэдкія галасы ў падтрымку. Чаму вы маўчыце, калі бачыце, як расоптваюць маленькі, горды народ? Мы ўсё яшчэ вашыя браты.
А свайму народу я хачу сказаць, што я люблю яго. Я ганаруся ім.
Вось зноў нехта невядомы звоніць у дзверы…