Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што Расея парушыла ўмовы пагаднення аб тэрмінах увядзення ў эксплуатацыю БелАЭС, і таму беларускі бок паставіў пытанне аб кампенсацыях. Пакуль канчатковага рашэння аб памеры кампенсацыі няма.
«У нас крыху пасунуліся тэрміны ўвядзення ў эксплуатацыю атамнай станцыі з-за расейскага боку. Натуральна, паводле дамовы мы паставілі перад імі пытанне аб кампенсацыях. Гэтага хаваць не трэба. Нічога там надзвычайнага не было. Але такія пытанні былі пастаўленыя ў сувязі з тым, што парушаныя тэрміны ўвядзення станцыі, і адказнасць за гэта нясе расейскі бок.
Яны нам прапанавалі варыянты і цаны на свежае ядравае паліва – як для расейцаў, як для сваіх станцыяў. І тэрмін гарантыйны на пяць гадоў [на асноўныя вузлы. – Заўв. рэд.]», – цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.
Лукашэнка звярнуўся да ўдзельнікаў нарады з пытаннем, ці задавальняюць прапановы расейцаў беларускі бок, ці дастатковыя гэта саступкі. Пры гэтым самаабвешчаны кіраўнік Беларусі дадаў, што не варта «залішне напружваць расейцаў».
Глеб Нержын belsat.eu