У Беларусі пабылі на «аздараўленні» больш за 3 тысячы дзяцей з Данбасу


Цягам апошніх гадоў з мэтай адпачынку і аздараўлення ў Беларусі пабылі больш за тры тысячы дзяцей з акупаванага Данбасу. Пра гэта ў YouTube-праекце БелТА «По факту: решения Первого» распавяла дырэктарка Данецкай грамадскай арганізацыі для дзяцей-інвалідаў і іх бацькоў «Дельфины» Вольга Волкава.

У Беларусі пабылі на «аздараўленні» больш за 3 тысячы дзяцей з Данбасу.
Фота: БелТА

«Калі казаць пра ўражанні, то іх немагчыма перадаць. У гэтым вялізная заслуга прэзідэнта Беларусі. Агулам, я сябрую са многімі беларусамі. Напрыклад, з Аляксеем Талаем і ягонай камандай», – сказала Вольга Волкава.

Дырэктарка «Дельфинов» распавяла, як надоечы яны з падапечнымі трапілі пад абстрэл, што яны жывуць «як на вулкане», і што на гэтым фоне для яе «магчымасць, якую даюць беларускія браты, дарагога каштуе».

Пра тысячы дзяцей з самых цяжкіх рэгіёнаў Данбасу ў Беларусі распавёў таксама грамадскі дзеяч і параалімпіец Аляксей Талай, арганізатар і ідэйны натхняльнік праекту. Дзеці з Данбасу ў Беларусі адпачываюць у лагерах, праходзяць медагляды і лячэнне ў лякарнях, у прыватнасці, у рэспубліканскай дзіцячай лякарні медрэабілітацыі ў Астрашыцкім гарадку.

Лідар Народнага анцікрызіснага ўпраўлення Павел Латушка ў інтэрв’ю беларускай службе «Радыё Свабода» звяртаў увагу на тое, што дзеці, якія прыязджаюць у Беларусь з акупаваных тэрыторыяў Украіны – няпоўнагадовыя, ва ўзросце да 6 да 15 гадоў, часта гэта сіроты. А гэта значыць, кажа Латушка, што толькі ўпаўнаважаны орган па пытаннях грамадзянства гэтых дзяцей мае права на дазвол на выезд дзяцей, і такім органам з’яўляецца Украіна.

Павел Латушка лічыць, што ў дадзеным выпадку магла быць парушаная 4-й Жанеўская канвенцыя, бо дзяцей нельга вывозіць па іхнай уласнай волі, а Украіна такога дазволу не давала.

«Беларусь не з’яўляецца нейтральнай краінай. Таму такі вываз можна прызнаць нелегальным», – зазначаў кіраўнік НАУ.

Таксама, паводле Латушкі, мог быць парушаны Рымскі статут Міжнароднага крымінальнага суду, у якім гаворыцца, што незаконная дэпартацыя дзяцей падчас вайны – гэта злачынства.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў