Новыя санкцыі, цэны, суды і ЦТ. Што прынясе беларусам чэрвень


Чэрвень прынясе беларусам не толькі традыцыйны рост коштаў, але і новыя суды, выпускныя ў школах, ЦТ і розныя новаўвядзенні. Карэспандэнты «Белсату» сабралі разам галоўныя змены і падзеі першага месяца лета.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ТК / Белсат

Суды над палітвязнямі

Менскі абласны суд 6 чэрвеня на закрытым судовым пасяджэнні пачне разглядаць крымінальную справу БелаПАН. Абвінавачанымі праходзяць палітвязні Андрэй Аляксандраў, Ірына Злобіна, Дзмітрый Наважылаў і Ірына Леўшына. Аляксандрава і Злобіну абвінавачваюць у тым, што яны дапамаглі плаціць штрафы, утрыманне ў зняволенні і адвакатаў не менш як 260 пацярпелым ад беззаконня рэжыму. Аляксандраву, Наважылаву і Леўшынай таксама інкрымінаванае стварэнне з работнікаў «БелаПАН» «экстрэмісцкага фармавання», увесь экстрэмізм якога палягаў на асвятленні падзеяў у Беларусі. Не абышлося і без абвінавачванняў ва ўхіленні ад падаткаў.

7 чэрвеня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску пачнуць судзіць галоўнага рэдактара газеты «Новы час» Аксану Колб. Яе затрымалі 20 красавіка, да яе дадому прыехала група сілавікоў са шчытамі і кувалдамі. Жанчыне выставілі абвінавачанне паводле часткі 1 артыкулу 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»).

У гэты ж дзень у судзе Заводскага раёну сталіцы пачнецца суд над сацыёлагам, каардынатаркай Лятучага ўніверсітэту і сябрай Каардынацыйнай рады Таццянай Вадалажскай. Яе таксама абвінавачваюць паводле арт. 342 КК. Жанчыну затрымалі 23 сакавіка, калі яна прыйшла ў Следчы камітэт з нагоды хадайніцтва аб выездзе ў Літву на лячэнне.

8 чэрвеня ў Магілёўскім абласным судзе ў закрытым рэжыме стартуе суд над фрылансерам радыё «Свабода» Андрэем Кузнечыкам. Яго затрымалі ў лістападзе 2021 года, двойчы судзілі паводле адміністратыўных пратаколаў, а потым распачалі крымінальную справу.

Будынак Цэнтральнага раённага суда. Менск, Беларусь. 24 мая 2021 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

А 2 чэрвеня ў Вілейцы пачнуць судзіць 27-гадовага палітзняволенага жыхара Маладзечна Паўла Кучынскага. Яму выставілі абвінавачанне паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу: тры з іх за абразы і два за пагрозы. У Паўла інваліднасць другой групы ды рак чацвёртай стадыі. Ён застаецца пад вартай з 26 студзеня.

Санкцыі прыходзяць

Праз палітыку беларускага рэжыму працягвае пакутаваць эканоміка. Літоўцы апавясцілі Беларускую чыгунку аб спыненні з 4 чэрвеня перавозаў падсанкцыйных тавараў – прадукцыі дрэваапрацоўвання, вырабаў з гумы, чорных металаў. Апошнія цягнікі з імі будуць прынятыя ад БЧ 31 траўня. Працягнецца перавоз тавараў, якія не трапілі пад санкцыі.

У выніку гэтага страты Беларусі, паводле ацэнак уладаў разам з закрытай для транзіту тэрыторыяй Украіны складуць 26 млн т грузаў.

Агулам, як распавёў віцэ-прэмʼер, Мікалай Снапкоў, з чэрвеня прэміяльны еўрапейскі рынак будзе закрыты для беларускай драўніны, чорных металаў і вырабаў з іх, цэменту, апонаў, а гэта каля $ 1,8 млрд экспартнай выручкі.

Улады Польшчы да канца чэрвеня плануюць скончыць будаўніцтва на мяжы з Беларуссю плота ад мігрантаў, якіх масава завозілі ў нашу краіну з лета мінулага года. Да гэтага ж тэрміну пракладуць тэхнічную дарогу ўздоўж агароджы. Электроннае абсталяванне барʼера будзе гатовае ў верасні-кастрычніку.

Растуць тарыфы і цэны

З 1 чэрвеня павышаюцца тарыфы на цяплозабеспячэнне, газ і электрычнасць. Субсідаваныя тарыфы на цяплозабеспячэнне вырастуць з Br 21,9245 да Br 23,859 за 1 Гкал.

Таксама ўсталююць адзіную цану на прыродны газ (без дыферэнцыяцыі зімой і летам), які выкарыстоўваецца ў памяшканнях з усталяванымі прыборамі індывідуальнага ўліку расходу газу. Для спажыўцоў, у чыіх дамах выкарыстоўваюцца газавыя катлы для ацяплення, усталяваны адзіны тарыф на ўвесь год: Br 0,1977 за кубаметр. Для тых, хто спажывае ад 3000 да 5500 кубаметраў за год, тарыф складзе Br 0,2570, звыш 5500 кубаметраў – Br 0,5688. Калі газавыя ацяпляльныя прыборы адсутнічаюць, будзе стасавацца тарыф Br 0,5417.

Батарея, отопление, коммунальные услуги, коммуналка
Фота: ПБ / Белсат

Акрамя таго, павышаецца тарыф на электраэнергію, якая выкарыстоўваецца, апроч іншага, яшчэ і на абаграванне жылля. Пры ўмове яе выкарыстання для ацяплення, гарачага водазабеспячэння ў жылых дамах з электраплітамі, не абсталяваных сістэмамі цэнтралізаванага цяпло- і газазабеспячэння, пры адсутнасці дадатковага прыбора індывідуальнага ўліку аднаставачны тарыф складзе Br 0,1003. Дыферэнцыяваны тарыф – паводле двух часовых перыядах: мінімальных нагрузак (з 23.00 да 6.00) – Br 0,0702, у астатні час содняў – Br 0,1304 за 1 кВт·г.

Электраэнергія для ацяплення і гарачага водазабеспячэння ў жылых дамах (кватэрах), не абсталяваных сістэмамі цэнтралізаванага цяпло- і газазабеспячэння, пры наяўнасці асобнага прыбора індывідуальнага ўліку складзе Br 0,0433 за 1 кВт·г.

Акрамя гэтага, гарадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман» на 30 капеек павышае цэны на цыгарэты «Pall Mall Nano Silver» – да Br 3,45.

Да 29 чэрвеня працягнулі рэгуляванне цэнаў на сацыяльна значныя тавары. Згодна з пастановай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання № 25 ад 28 сакавіка, гранічны максімальны нарматыў рэнтабельнасці для вытворцаў павінен быць не большы за 10 %. А гранічныя максімальныя надбаўкі імпарцёра не могуць перавышаць 15–30 % у залежнасці ад віду тавару. Аналагічныя абмежаванні захоўваюцца на гандлёвыя надбаўкі для гуртовага і раздробнага гандлю. Гандлёвая надбаўка павінна ўсталёўвацца з улікам максімальнай гуртовай надбаўкі.

Што будзе з банкамі?

Аляксандр Лукашэнка даручыў да чэрвеня падрыхтаваць прапановы аб прававых пытаннях працы банкаў. Паводле яго, Камітэт дзяржкантролю мусіць адназначна прапісаць, «што можна, а што нельга».

«Недахопы ўласцівыя ўсім нашым банкам. І мы робім адназначную выснову, што дрэнна працуем з банкаўскай сістэмай. Мы не стварылі для іх нейкую прававую каляіну, у якой яны павінны выразна развівацца, прытрымлівацца пэўных нормаў, правілаў і законаў, не выходзячы за гэтую каляіну», – заявіў Лукашэнка.

Як зменіцца жыццё банкаў, пакуль невядома.

Што яшчэ з афіцыёзу?

На 18 чэрвеня таксама запланаваны чацвёрты з’езд РГА «Белая Русь». Новым кіраўніком ключавой праўладнай арганізацыі плануецца зрабіць рэктара Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэту, чальца Савету Рэспублікі Алега Раманава.

Сторонники Лукашенко
Удзельнікі мітынгу прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі ля Камароўскага рынку ў Менску, Беларусь. 25 жніўня 2020 года.
Фота: ДД / Белсат / Вот Так

А Лукашэнка сваім указам змяніў назву памятнай даты 22 чэрвеня. Цяпер гэта не Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, а Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народу.

Правакацыя супраць Украіны?

Дзяржаўны памежны камітэт з 1 чэрвеня да 31 жніўня абмяжоўвае ўезд і часовае перабыванне грамадзянаў у памежнай паласе на тэрыторыі Брагінскага, Лоеўскага і Хойніцкага раёнаў Гомельскай вобласці. Абмежаванні не распаўсюджваюцца на асоб, якія выконваюць службовыя абавязкі і якія ўдзельнічаюць у ахове мяжы. Таксама прыпыняецца выдача пропускаў у памежную паласу на тэрыторыі гэтых раёнаў.

Раней менавіта гэтыя раёны выкарыстоўваліся расейскімі войскамі для наземнай атакі Украіны з беларускай тэрыторыі.

Таксама ў Гомельскай вобласці з 22 чэрвеня да 1 ліпеня пройдуць планавыя вучэнні з вайсковымі камісарыятамі. Гаворка ідзе пра планавыя мабілізацыйныя вучэнні з ваенкаматамі і арганізацыямі Узброеных сілаў, якія дыслакуюцца на тэрыторыі рэгіёну.

Будуць шукаць воспу малпаў

Беларускае Міністэрства аховы здароўя абяцае да 15 чэрвеня распрацаваць айчынныя тэст-сістэмы для выяўлення воспы малпаў. Аднак, як заяўляе галоўны дзяржаўны санітарны лекар Аляксандр Тарасенка, «яны наўрад ці спатрэбяцца з прычыны таго, што рызыка завозу [інфекцыі. – Рэд. Belsat.eu] мінімальная».

А мінімальная яна, бо з-за палітыкі рэжыму Беларусь адрэзаная ад вонкавага свету.

Аналітыка
Гэта што яшчэ за зараза такая? У Еўропу прыйшла воспа малпаў: што гэта такое, і з чым яе лепш не есці
2022.05.25 14:56

Ад школы – да ЦТ

З 1 чэрвеня ў беларускіх школах пачынаюцца канікулы, якія працягнуцца да 31 жніўня. Выпускныя іспыты ў 9–11 класах школ пройдуць 1–9 чэрвеня. А выпускныя вечары запланаваныя на 10 чэрвеня. Сёлета 9-я і 11-я класы скончаць каля 150 тыс. вучняў. Мінадукацыі патрабуе, каб выпускныя праходзілі менавіта ў школах.

Школа № 180 у Менску, Беларусь. 8 ліпеня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Першае ЦТ – па беларускай мове – пройдзе 14 чэрвеня. Затым цэнтралізаванае тэставанне пройдзе паводле наступнага графіку:

  • 16 чэрвеня (чацвер) і 17 чэрвеня (пятніца) – расейская мова;
  • 19 чэрвеня (нядзеля) – грамадазнаўства;
  • 21 чэрвеня (аўторак) і 22 чэрвеня (серада) – матэматыка;
  • 24 чэрвеня (пятніца) – біялогія;
  • 26 чэрвеня (нядзеля) – замежная мова (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская);
  • 28 чэрвеня (аўторак) – хімія;
  • 30 чэрвеня (чацвер) – фізіка;
  • 2 ліпеня (субота) – гісторыя Беларусі;
  • 4 ліпеня (панядзелак) – геаграфія;
  • 6 ліпеня (серада) – сусветная гісторыя (найноўшы час).

Сёлета ВНУ Беларусі плануюць прыняць каля 27,7 тыс. абітурыентаў на бюджэтную форму навучання, на платную – больш за 25 тыс.

Таксама 1 чэрвеня стартуе летняя аздараўленчая кампанія. Плануецца, што з 1 чэрвеня будуць адкрытыя ўсе лагеры з дзённым перабываннем, а ў першай дэкадзе чэрвеня максімальна адкрыюцца і лагеры з 24-гадзінным перабываннем.

А ДАІ да 5 чэрвеня праводзіць спецыяльнае комплекснае мерапрыемства «Увага: дзеці!». У гэтыя дні транспартавыя сродкі ў светлы час дня мусяць рухацца з уключаным блізкім святлом фараў.

Новыя кансультацыі з Расеяй

Лукашэнкаўскі рэжым у чэрвені правядзе цэлы шэраг новых кансультацыяў з пуцінскай Расеяй.

Гэтак, 1–2 чэрвеня ў Менску пройдзе семінар у пытаннях будаўніцтва Саюзнай дзяржавы. Разгледзяць пытанні забеспячэння гарантыяў працоўных правоў, атрымання годнага прыбытку, захавання здароўя, росту адукацыйнага і прафесійнага ўзроўняў, праблемы моладзевай занятасці.

10 чэрвеня ў Казахстане пройдзе пасяджэнне эканамічнай рады СНД.

А на 23–24 чэрвеня ў Горадні прызначаны Форум рэгіёнаў Беларусі і Расеі. Паводле расейскага амбасадара Грызлова, абмяркоўваюцца ў тым ліку падзеі ў гонар 250-годдзя пачатку акупацыі Вялікага Княства Літоўскага Расейскай імперыяй.

Той жа Грызлоў абяцаў, што поўная адмена роўмінгу паміж Беларуссю і Расеяй адбудзецца з 1 чэрвеня. 1 красавіка для беларускіх і расейскіх абанентаў сталі бясплатнымі ўваходныя званкі ў роўмінгу.

А як з сувяззю з вонкавым светам?

«Менсктранс» з 1 чэрвеня зробіць штодзённым аўтобус у Рыгу. Аўтобус Менск – Рыга праз Даўгаўпілс будзе адпраўляцца з менскага аўтавакзалу «Цэнтральны» а 8:40, а з Рыгі – а 8:50.

А вось запланаваны «Белавіяй» 2 чэрвеня новы рэйс у Ізраіль, як агулам усе рэйсы ў гэтую краіну, адмяняецца, прынамсі да канца сезону.

Нацыянальны аэрапорт у Менску, Беларусь. 26 траўня 2021 года.
Фота:Белсат

А вось кампанія «Turkish Airlines» паведаміла аб падаўжэнні адмены рэйсаў з Стамбулу ў Менск і назад да 30 чэрвеня ўключна. Раней паведамлялася аб адмене рэйсаў да 31 траўня.

Што датычыць злучэння з Расеяй, то «Белавія» з 1 чэрвеня мяняе час вылету і прылёту ранішняга рэйсу ў маскоўскі аэрапорт «Дамадзедава» (рэйс В2 957/958). Калі раней самалёт вылятаў з Менску а 8:40, то цяпер ён будзе адпраўляцца а 10:10, прылёт у Маскву – аб 11:30. Вылет з «Дамадзедава» запланаваны на 12:20, вяртанне а Менск – а 13:40.

9 і 10 чэрвеня паміж Менскам і Санкт-Пецярбургам пусцяць дадатковы цягнік № 250/249.

Што адкрыюць пасля рамонту?

З 1 чэрвеня ў Менску пасля рамонту адкрыецца кінатэатр «Мір». У абноўленай глядзельнай зале кінатэатру ўсталяваныя новыя крэслы, дадаўся VIP-шэраг. Пераабсталяваная прыкасавая зона, цяпер трапіць туды можна проста праз цэнтральны ўваход. Прыбіральні перанеслі з падземнага ўзроўню на першы паверх. У першы дзень працы ў кінатэатры пакажуць дзіцячыя і сямейныя фільмы.

У Горадні 15 чэрвеня плануюць адкрыць Румлёўскі мост.

Мост на Немиге, обрушение моста, ремонт, строительство, грузоподъёмные краны, Минск
Будоўля мосту на Нямізе ў Менску, Беларусь. 12 студзеня 2022 года.
Фота:Белсат

А 30 чэрвеня на латышскім адцінку дарогі ў пункце пропуску «Сілэнэ», сумежны якому беларускі пункт пропуску «Урбаны», мусяць завяршыцца замена асфальтавага пакрыцця. Магчыма, паскорыцца праходжанне мяжы.

А што там у свеце?

На фоне расейскай блакады ўкраінскіх партоў у свеце пагаршаецца сітуацыя з харчаваннем. З-за гэтага Індыя ўводзіць з 1 чэрвеня і да 31 кастрычніка абмежаванне на экспарт цукру, каб падтрымаць даступнасці гэтага прадукту на ўнутраным рынку і захаваць стабільную цану.

У Казахстане, дзе падчас народных пратэстаў дзейны прэзідэнт зрынуў першага, 5 чэрвеня пройдзе канстытуцыйны рэферэндум. Як звычайна гэта адбываецца ў аўтарытарных рэжымах постсавецкай прасторы, галасаванне пройдзе аб усім праекце новай Канстытуцыі, а не аб асобных пытаннях.

Не забываем і пра каронавірус. З 1 чэрвеня пачне вяртацца да больш-менш нармальнага жыцця найбуйнейшы фінансавы цэнтр Кітаю – Шанхай. Тут плануецца адмяніць каранцін, які ўвялі з 1 красавіка праз успышку COVID-19.

Макар Мыш /ММ belsat.eu

Стужка навінаў