Лагеры баевікоў – цяпер не жарт. Што вядома пра вагнэраўцаў і будоўлю ў Асіповічах


Шэсць гадоў таму беларусы жартавалі з «лагераў баевікоў», якія Аляксандр Лукашэнка нібыта знайшоў у Беларусі. Цяпер Лукашэнка сам запрасіў баевікоў Групы Вагнэра ў Беларусь – і магчыма, будуе для іх лагеры. «Белсат» расказвае, што пра гэта вядома.

Новыя аб’екты на тэрыторыі вайсковай часткі № 61732
Новыя аб’екты на тэрыторыі вайсковай часткі № 61732. Цэль, Беларусь. 27 чэрвеня 2023 года. Выява: Planet Labs / RFE/RL Graphics

Улады Беларусі пацвярджаюць, што ў краіну запрасілі лідара мяцежных баевікоў Групы Вагнэра Яўгенія Прыгожына, і нават заяўляюць, што гатовыя прыняць баевікоў у беларускае войска. На момант публікацыі няма пацверджанняў таго, што баевікі і асабіста Прыгожын былі ў Беларусі, але ёсць ускосныя сведчанні: самалёты Прыгожына заляталі ў Беларусь.

Расейскія медыі паведамілі 26 чэрвеня аб будаўніцтве лагеру для баевікоў Групы Вагнэра пад Асіповічамі. Паводле крыніцы ў лясніцтве, лагер разлічаны на 8 тысяч ложкаў. У Асіповіцкім райвыканкаме і ў Міністэрстве лясной гаспадаркі Беларусі заявілі, што інфармацыі аб такім лагеры не маюць.

Ды крыніцы «Белсату» расказвалі, што Антопальская прадзільная фабрыка ў Берасцейскай вобласці атрымала тэрміновую замову на 8000 матрацаў для вагнэраўцаў. Прадпрыемства пагадзілася выканаць замову, аднак працоўных не стае: вольныя рукі шукалі на пінскай фабрыцы «Палессе». Там ніхто дапамагаць не хоча, сцвярджае суразмоўца «Белсату»: «Людзей палохаюць, пагражаюць пазбавіць прэміяў».

Пад выглядам занепакоенага сваяка работніка «Палесся» мы патэлефанавалі дырэктару Антопальскай фабрыкі Алегу Юхніку. Той сказаў, што не ведае пра пошук супрацоўнікаў на «Палессі», што «ніхто такога не патрабуе» і што пра замову матрацаў для вагнэраўцаў чуе ўпершыню:

«Я як дырэктар гэтай фабрыкі заяўляю, што ніякіх тут замоваў ці размяшчэння чагосьці, вагнэраўцаў ці нейкіх яшчэ бандфармаванняў тут не было і не будзе, пакуль я тут дырэктар. Зразумеў?»

Тым часам выданне «Зеркало» паразмаўляла пра вагнэраўцаў пад Асіповічамі з чыноўніцай Асіповіцкага райвыканкаму – і тая на згадку меркаванага прыезду крымінальнікаў пажартавала, што «столькі жаніхоў прыедзе» і што «вы будзеце пад аховай такой». А гомельскі «Флагшток» тэлефанаваў у Цэльскае лясніцтва – і калі журналісты спыталі пра будаўніцтва лагеру вагнэраўцаў, у лясніцтве далі кантакт ляснічага на тэрыторыі вайсковай часткі.

Адзін з баевікоў Групы Вагнэра Аляксей Бярговін раней казаў, што «ні для каго не сакрэт», што нейкая частка баевікоў «будзе працаваць у Беларусі», што «адкрываецца новы кірунак – Рэспубліка Беларусь».

Нейкі лагер пад Асіповічамі сапраўды будуюць

Шэраг медыяў, у тым ліку «The New York Times», звярнуў увагу на спадарожнікавыя здымкі вайсковай часткі № 61732 у вёсцы Цэль пад Асіповічамі. На здымку 24 чэрвеня, у дзень мяцяжу Прыгожына, на тэрыторыі базы бачнае пустое поле, а 27 чэрвеня на тым полі з’явілася нейкая будоўля. Што менавіта будуюць, разглядзець пакуль не ўдаецца: над Асіповічамі пакуль пралятаў толькі спадарожнік з нізкім разрозненнем здымкаў. Але, як адзначае амерыканскае выданне, на некалі пустой базе выстаўлялі на продаж 31 будынак.

Маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн» сцвярджае, што з розных крыніцаў атрымлівае звесткі аб пачатку работаў у Цэлі 25 ці 26 чэрвеня. Звесткі яшчэ не правераныя, але праекту пішуць, што там «будуюць нары і прыбіральні», «паклалі новы асфальт», «праводзяць ЛЭП», «ставяць намёты» і гэтак далей.

На спадарожнікавых здымках «Гаюн» бачыць змены ў шасці розных месцах на тэрыторыі вайсковай часткі: як мінімум, нейкія работы ідуць, аб’екты на спадарожнікавых здымках могуць быць 130 намётамі. Калі намёт змяшчае 50 чалавек, то лагер зможа змясціць да 6500 чалавек.

«Самі працы і бягучыя спадарожнікавыя здымкі не сведчаць аб тым, што там будзе дыслакавацца ПВК Вагнэра. Гэтак жа, як аб гэтым не сведчаць і звесткі, што распаўсюджваюцца аб нібы тэрміновых замовах на вытворчасць мэблі і абсталявання для вайскоўцаў», – піша маніторынгавы праект.

Як згадвае радыё «Свабода», былая вайсковая частка, пра якую ідзе гаворка, раней належала ракетным войскам. На яе тэрыторыі размяшчалася каля 1500 вайскоўцаў. За тры кіламетры ад вайсковай часткі ў вёсцы Цэль – вайсковы гарадок Лапічы, які адносіцца да 38-й дарожна-маставой брыгады Мінабароны Беларусі, за 6 км – вайсковая частка інжынерных войскаў у Верайцах, за 12 км — артылерыйскі палігон Рэпішча.

Тым часам палітолаг, даследніца праграмы DAAD універсітэту Юстуса-Лібіха Роза Турарбекава сцвярджае, што лагер працягваюць абсталёўваць, ставяць намёты, разлічаныя на 50 чалавек кожны, правялі электрычнасць.

«Лукашэнка казаў, што яны [вагнэраўцы] за свой кошт будуць будаваць іх. Магчыма. Але пакуль там усё ўладкоўваюць беларусы», – піша Турарбекава.

На момант публікацыі гэта адзінае месца ў Беларусі, дзе пацвярджаецца правядзенне работаў, але «Гаюн» расказвае, што атрымаў інфармацыю аб будаўніцтве палявых лагераў у Віцебскай, Гарадзенскай і Менскай вобласцях.

Няма і пацверджанняў таго, што ў Беларусь прылятаў асабіста Прыгожын або ягоныя баевікі. «Гаюн» лічыць, што вагнэраўцы яшчэ не прыбылі ў Беларусь, але могуць быць перакінутыя найбліжэйшым часам.

Улічваючы заявы аб перадачы цяжкога ўзбраення вагнэраўцаў афіцыйным войскам Расеі, «Гаюн» не чакае бліжэйшым часам атакі баевікоў на Украіну з тэрыторыі Беларусі. Украінская выведка нават упэўненая, што Група Вагнэра больш не будзе браць удзелу ў вайне ва Украіне.

Таксама праект сумняецца, што вагнэраўцы будуць навучаць беларускіх вайскоўцаў: Міністэрства абароны не мае фінансавых рэсурсаў, каб плаціць вялікай колькасці баевікоў заробкі, параўнальныя з тым, што яны мелі за вайну ва Украіне.

Лукашэнка толькі за

Аляксандр Лукашэнка 27 чэрвеня доўга хваліўся тым, як уратаваў Расею ад мяцяжу Прыгожына. Ён тады заявіў, што Прыгожын ужо ў Беларусі, «лётае ўжо на гэтым самалёце», і калі захоча, можа «нейкі час у нас перакантавацца і іншае». Пад гэта кіраўніку баевікоў «мы прапанавалі адну з закінутых частак: калі ласка, плот ёсць, усё ёсць, стаўце палаткі».

Міністра абароны Віктара Хрэніна Лукашэнка заспакойваў, што баевікі «дапамогуць нам». Казаў: «Яны раскажуць пра зброю: якая добра працавала, якая не. І тактыка, і ўзбраенне, і як наступаць, як абараняцца. Гэта неацэнна. Вось гэта нам ад вагнэраўцаў трэба ўзяць».

Разам з тым, Лукашэнка сцвярджаў, што гэта нібыта міністр абароны хоча, каб баевікі Групы Вагнэра сталі падраздзяленнем беларускай арміі, а сам не ініцыятар, але ён не супраць.

А ў 2020 годзе Лукашэнка распавядаў, што ў Беларусі затрымалі баевікоў Групы Вагнэра, якія нібыта былі засланыя, каб «дэстабілізаваць абстаноўку». Тады ён казаў, што «ідзе гібрыдная вайна супраць Беларусі». Затрыманых адпусцілі неўзабаве пасля выбараў. Заявы дзяржаўнага сакратара Савету бяспекі пра тое, што недзе ў лясах Беларусі хаваліся яшчэ 200 вагнэраўцаў, засталіся без увагі.

Абноўлена
Лукашэнка ў час мяцяжу Прыгожына рыхтаваўся бараніцца ад Захаду і каліноўцаў
2023.06.27 12:16

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў