Самалёт Прыгожына паляцеў з Беларусі, а кіраўнік ПВК Вагнэра сустракаўся з Лукашэнкам?


Бізнес-джэт Яўгенія Прыгожына пакінуў Беларусь уначы 27 чэрвеня, а сам кіраўнік ПВК Вагнэра перад тым, імаверна, меў сустрэчу з Лукашэнкам. Пра гэта паведамляе маніторынгавая група «Беларускі Гаюн».

Маршрут самалёта Яўгена Прыгожына. Скрыншот з сайту flightradar / «Беларускі Гаюн» / Telegram

27 чэрвеня ў 22:39 менскага часу бізнес-джэт Яўгенія Прыгожына «Embraer Legacy 600» (рэгістрацыйны нумар RA-02795) узляцеў з вайсковага аэрадрому ў Мачулішчах пад Менскам і накіраваўся ў бок РФ. «Беларускі Гаюн» падлічыў, што самалёт кіраўніка ПВК Вагнэра прабыў у Мачулішчах 14 гадзін і 59 хвілін. Следам за ім узляцеў і другі бізнес-джэт (RA-02878), які прыляцеў у Мачулішчы раніцай 27 чэрвеня.

Таксама маніторынгавая група выказвае меркаванне, што самалёты вылецелі з вайсковага аэрадрому пасля сустрэчы Прыгожына з Аляксандрам Лукашэнкам ва ўрадавай рэзідэнцыі на Менскім моры. Са звестак «Беларускага Гаюна», увечары 27 чэрвеня Лукашэнка правёў у рэзідэнцыі каля 5 гадзінаў у прамежку з 17 да 22 гадзінаў. Вылет самалётаў адбыўся праз 39 хвілін пасля таго, як Лукашэнка пакінуў гэтую рэзідэнцыю.

Паводле маніторынгавай групы, Лукашэнка і чальцы ягонай «сямʼі» выкарыстоўваюць рэзідэнцыю на Менскім моры для перамоваў у непублічным фармаце.

Пра тое, што Яўгеній Прыгожын быў 27 чэрвеня ў Беларусі, заявіў сам Лукашэнка, выступаючы перад кіраўнікамі сілавых органаў.

Hавiны
Самалёт Прыгожына прызямліўся на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах
2023.06.27 09:26

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў