Расейскія СМІ: Пад Асіповічамі пачалі будаваць лагеры для ПВК Вагнэра


У Беларусі пачалі будаваць вайсковыя лагеры для размяшчэння байцоў ПВК Вагнэра. Пра гэта паведамляе расейскае выданне «Вёрстка» са спасылкай на крыніцу ў лясніцтве.

ПВК «Вагнэр». Крыніца: bel-news.by

Паводле інфармацыі выдання, будаўніцтва вайсковага лагеру для наймітаў ПВК Вагнэра на 8 тысяч байцоў актыўна вядзецца ў Асіповічах Магілёўскай вобласці. Такіх лагераў будзе некалькі.

«Мы працуем, ужо сёння працуем. Заўтра да абеду стаіць задача [пабудаваць]», – сказаў суразмоўца. Ён дадаў, што плошча лагеру складзе дваццаць чатыры тысячы квадратных метраў, ён будзе разлічаны на восем тысяч ложкаў.

Выданне піша, што інфармацыю пра тое, што наймітаў адправяць у Беларусь, пацвярджаюць і сваякі ўдзельнікаў групы Вагнэра. Адна са сваячак са спасылкай на свайго знаёмага паведаміла, што падраздзяленні ПВК, якія засталіся ў Растове-на-Доне, накіруюць у Беларусь. Яшчэ адна суразмоўца выдання расказала, што ейны муж, які ў суботу быў у Растове, паведаміў ёй пра адпраўленне ў Беларусь, больш на сувязь ён не выходзіў.

Таксама трое ўдзельнікаў чатаў сваякоў паведамілі, што атрымлівалі такія паведамленні ад блізкіх, але ў размове з выданнем згадалі, што не ведаюць дакладна, ці накіроўваюцца падраздзяленні ў бок Беларусі. Адзін з суразмоўцаў сказаў, што ягоны сваяк да гэтага часу застаецца пад Растовам.

Аднак дзе цяпер сам кіраўнік ПВК Вагнэра Яўгеній Прыгожын, дагэтуль невядома. Раней сцвярджалася, што ён у Беларусі, але доказаў таму пакуль няма.

Пацвердзіць інфармацыю пра размяшчэнне вайскоўцаў групы Вагнэра пад Асіповічамі пакуль немагчыма.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў