Следчы камітэт паведаміў, што ў «справе Каардынацыйнай рады» з’явіліся больш за 100 падазраваных. Як сцвярджаюць у ведамстве, яны атрымалі нейкі пералік «экстрэмістаў» ад асобы, якая вярнулася ў Беларусь праз «камісію для вяртання», піша БелТА.
У якасці падазраваных у «справе Каардынацыйнай рады» прыцягнутыя болей за 100 асобаў, цяпер ідуць следчыя дзеянні і аператыўна-вышуковыя захады. СК разам з МУС «збіраюць доказы злачыннай дзейнасці, якая вялася ў 2020 годзе лідарамі радыкальных ячэек на тэрыторыі Беларусі».
Следчы камітэт паведамляе, што «да нядаўняга часу» ведаў толькі публічных прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады, а цяпер нібыта атрымаў пералік іншых асобаў, якія маюць дачыненне да гэтай ініцыятывы. Сцвярджаецца, што гэты спіс перадаў «адзін з такіх удзельнікаў», які прыехаў у Беларусь праз «камісію для вяртання»:
«Асоба не толькі раскаялася ва ўчыненні злачынстваў, але і ініцыятыўна дала пашыраны спіс беглых злачынцаў з Каардынацыйнай рады, дзе фігуруе болей за 100 асобаў, у тым ліку раней невядомых праваахоўным органам здраднікаў».
Наўпрост пра адкрыццё крымінальнай справы не паведамляецца, але адзначаецца, што фігурантаў западозрылі ў «змове з мэтаю захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам» і «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні».
У СК пацвердзілі звесткі пра серыю ператрусаў, сілавікі шукаюць маёмасць і нерухомасць падазраваных «з мэтаю накладання арышту». У камітэце таксама не выключылі, што справу будуць разглядаць паводле працэдуры спецыяльнага вядзення.
З увагі на гэтае паведамленне СК можна меркаваць, што гэта будзе новая справа, якая датычыцца Каардынацыйнай рады. Раней за ўдзел у арганізацыі судзілі Марыю Калеснікаву, Максіма Знака, завочна – Святлану Ціханоўскую, Паўла Латушку, Вольгу Кавалькову, Марыю Мароз і Сяргея Дылеўскага.
Раней сёння праваабарончы цэнтр «Вясна» і крыніцы «Белсату» паведамілі пра серыю ператрусаў, звязаных з Каардынацыйнай радай. Сілавікі прыйшлі на адрасы Паўла Латушкі, Сяргея Чалага, Юрыя Губарэвіча, Артура Фінькевіча і прэс-сакратара Ціханоўскай Ганны Красулінай.
Сцяпан Кубік belsat.eu