Чаты сваякоў: Вагнэраўцы атрымалі адпачынкі і масава вяртаюцца дамоў


Найміты з ПВК Вагнэра атрымалі адпачынкі і масава вяртаюцца з Беларусі дадому ў Расею. Многія кідаюцца ў запой яшчэ на вакзалах. Пра гэта паведамляе выданне «Можем объяснить» са спасылкай на чаты наймітавых сваякоў.

Лагер пад Асіповічамі, дзе перабываюць вагнэраўцы. Асіповіцкі раён, Беларусь. 7 ліпеня 2023 года.
Фота: Maxim Shemetov / Reuters / Forum

26 ліпеня стала вядома, што вагнэраўцы масава вяртаюцца дадому ў Расею з Беларусі, бо атрымалі адпачынкі. Пра гэта пішуць у чатах іхныя родзічы. Пры гэтым паведамляецца, што астатнія жывуць у выдатных умовах у лагеры пад Асіповічамі.

Паводле выдання «Можем объяснить», з пачатку тыдня сваякі вагнэраўцаў актыўна абмяркоўваюць у чатах набыццё білетаў з Беларусі ў Расею і дэталі вяртання «адпускнікоў». Некаторыя найміты моцна запілі яшчэ ў дарозе дадому і на радзіму вяртацца не спяшаюцца. «Пʼяныя на вакзале. Не каб дамоў. Іх чакаюць, а яны квасяць на сваё задавальненне», – піша адна з удзельніц чату. Гэткіх паведамленняў шмат: «Мой удома, хаця і выпіў. А тыя яшчэ даехаць не паспелі, затое на рагах ужо»; «Мой тэлефануе, кажа – аднаго ўжо на хуткай павезлі, кепска стала».

Каардынатары чатаў для сваякоў паведамляюць, што на адпачынак распушчаная кожная другая брыгада ПВК. У лагеры пад Асіповічамі застаюцца толькі самыя вопытныя, хто будзе заняты вайсковым рыхтаваннем на беларускіх палігонах і накіруецца ў Сірыю і Афрыку.

Аналітыка
«Мясныя штурмы» і афрыканскія жахі. Чаму найміты ПВК Вагнэра могуць навучыць беларускіх сілавікоў
2023.07.26 08:00

Сваякі наймітаў абмяркоўваюць, што астатніх у Беларусі трымаюць у выдатных умовах, кормяць смачна і некалькі разоў у дзень. «Яны тушаніны зʼелі больш, чым за ўсё жыццё», – пішуць у чатах. Паведамляецца таксама, што на адрозненне ад базы ў расейскім Молькіне, у беларускі лагер да наймітаў могуць прыязджаць іхныя жонкі. Таксама ў чатах распаўсюджваюць папярэджанні пра небяспеку інтымных кантактаў з прадавачкамі лагернай крамы, якія быццам бы ўсе «жонкі мясцовых КДБэшнікаў».

Выданне таксама паведамляе, што вагнэраўцы, якія даехалі да дому, часта ўступаюць у канфлікт з законам, «звесткі пра іхныя злачынствы паступаюць адусюль». У Кіраўскай вобласці былы найміт ПВК Вагнэра Іван Расамахін вярнуўся з вайны і, паводле версіі следства, забіў 85-гадовую жанчыну. У ПВК ён трапіў з калоніі, дзе адбываў тэрмін за крымінал. На Кубані, паводле звестак паліцыі, былы вагнэравец Дзямʼян Кеваркян забіў дваіх. У Новасібірскай вобласці былы баец ПВК Вагнэра затрыманы за згвалтаванне дзвюх непаўналетніх дзяўчынак.

Hавiны
Хто такі Піянер, які кіруе вагнэраўцамі ў Беларусі?
2023.07.26 14:38

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў